Фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ўяўляюць сабой унікальны збор музейных прадметаў, звязаных з гісторыяй беларускай літаратуры і налічваюць каля 65 тысяч адзінак захоўвання.
Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў Васіля Быкава, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алеся Звонака, Васіля Зуёнка, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Карызны, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Сяргея Новіка-Пяюна, Язэпа Семяжона, Цёткі, Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Лідзіі Арабей і інш.
Рарытэтамі музея з’яўляюцца рукапісныя кнігі і старадрукі ХVІІ–ХVІІІ стст., прыжыццёвыя выданні, рукапісы, асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў ХІХ–ХХ стст., каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя, кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, партрэты беларускіх пісьменнікаў, ілюстрацыі вядомых мастакоў Беларусі да твораў беларускай літаратуры.
Музейны збор уяўляе сабой комплекс разнастайных крыніц (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, старадрукі, кнігі з аўтографамі). Пісьмовыя крыніцы складаюць каля 77% ад агульнай колькасці музейных прадметаў асноўнага фонду. На 01.01.2019 года ў музеі захоўваецца 64 584 прадметы, у тым ліку ў асноўным фондзе – 57 304 адз., у навукова-дапаможным – 7 280 адз.
Фонд музейных прадметаў падзелены на калекцыі. Вызначаны 25 калекцый, зацверджана іх класіфікацыя. Аснову музейных фондаў складаюць кніжныя калекцыі: “Старадрукаваныя і рэдкія выданні”, “Кнігі”, “Кнігі з аўтографамі”. Калекцыі друкаваных выданняў налічваюць звыш 25 тыс.адз.