Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Экспазіцыя філіяла «Беларуская хатка» – гэта своеасаблівы працяг экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яна прысвечана мінскаму перыяду жыцця класіка, а таксама літаратурна-грамадскаму руху пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску.

Мастацкая канцэпцыя экспазіцыі належыць Эдуарду Агуновічу. Афармленне інтэр’ера стылізавана пад «мадэрн».

Філіял знаходзіцца ў доме, пабудаваным у 1904 г. на вул. Мала-Георгіеўскай (сучасная вул. Талстога). Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з М.Багдановічам. У 80-х гадах ХХ ст. уратаваны ад зносу дом быў зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна на сто метраў ад свайгоколішняга месца). У той жа час распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла. Пасля рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд і 25 чэрвеня 1991 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

Беларуская хаткаДом-флігель калісьці належыў Саве Рэдзьку, настаўніку вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі, які здаваў яго пад кватэры. На пачатку Першай сусветнай вайны беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч Усевалад Фальскі наняў будынакпад бясплатную сталоўку для бежанцаў. Пазней, калі хваля ўцекачоў спала, у правай частцы дома кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй. У адным з пакояў гэтай кватэры (з кастрычніка 1916 па люты 1917 гг.) давялося жыць Максіму Багдановічу. Таму пры стварэнні экспазіцыі ў супрацоўнікаў музея стаяла задача не толькі распавесці пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, пра беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух у Мінску на пачатку ХХ ст., але і цалкам аднавіць пакой паэта, паказаць побыт гараджан падчас Першай сусветнай вайны на прыкладзе пакояў З.Бядулі і яго сясцёр.

Мемарыяльны пакой паэта адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, Лявона Зайца, Змітрака Бядулі. Стварыць атмасферу часовага прытулку хворага Багдановіча дапамаглі рэчы-аналагі і мэбля пачатку ХХ ст. Творчая лабараторыя паэта прадстаўлена дакументамі і кнігамі, сярод якіх адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча “Вянок” і рэліквіі – асабістыя рэчы Багдановіча – ступка для здрабнення лекаў і падшклянак. Мінскаму перыяду творчасці належаць такія шэдэўры беларускай паэзіі як славуты верш “Пагоня” і паэма “Страцім-лебедзь”. Несумненным плюсам мастацкага афармлення пакоя з’яўляецца эфект прысутнасці самога паэта, які дасягаецца пры дапамозе раскладзеных на сталепрадметаў і штучна створанай ночы – часу, калі Багдановіч працаваў над сваімі творамі.

Другія два пакоі мемарыяльнай часткі, якія займалі З.Бядуля з сёстрамі, адноўлены часткова. З мэтай паказаць тагачасны гарадскі побыт тут створаны невялікія інтэр’ерныя вузлы – кухня і дзявочы куток, напоўненыя рэчамі, знойдзенымі ў гэтым раёне горада. Нешматлікая іх колькасць і не поўнасцю запоўненая плошча пакояў нагадвае пра часовае прыстанішча сям’і Бядулі і адлюстроўвае неўладкаванасць побыту пад час Першай сусветнай вайны.

Галоўным стрыжнем пры стварэнні філіяла стала ідэя, закладзеная ў яго назве – зрабіць своеасаблівую літаратурную гасцёўню, дзе можна было б працягнуць традыцыі клуба інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, што існаваў у Мінску ў 1916-20-х гг., удзельнікам якога быў таксама і М.Багдановіч. Гэтая задача была ажыццёўлена пры дапамозе мастацкай канцэпцыі, аўтарам якой з’яўляецца заслужаны работнік культуры Беларусі Эдуард Агуновіч.

Другая частка экспазіцыі аформлена ў выглядзе своеасаблівай тэатральнай залы, са сцэнай і копіяй старажытнай магілёўскай батлейкі ХІХ ст., а таксама вітрынамі-складнямі. Менавіта на гэтых складных канструкцыях размешчаны кнігі, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, дакументы і асабістыя рэчы дзеячаў таго часу. Экспанаты з’яўляюцца ілюстрацыяй да расповеду пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, дзейнасць таварыства па дапамозе пацярпелым ад Першай сусветнай вайны, клубе інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, пра літаратурна-грамадскі і тэатральны рух пачатку ХХ ст. У гэтым рэчышчы батлейка – лагічны працяг экспазіцыі і няздзейсненая мара М.Багдановіча. Батлеечныя спектаклі паказваюцца з лета 1991 г. У рэпертуары як рэлігійныя, так і свецкія інтэрмедыі на розныя бытавыя тэмы.

Акрамя традыцыйных экскурсій і батлеечных прадстаўленняў на базе філіяла праводзяцца музейныя заняткі для дзяцей. Музейны занятак “Душа “Беларускай хаткі” знаёміць з паняццямі “музей”, “мемарыяльны музей”, выхоўвае ў дзяцей уменне правільна паводзіць сябе ў музеі, беражліва ставіцца да культурных здабыткаў нашага народа. У цыкле заняткаў “Сам зраблю батлеечную ляльку” ідзе знаёмства са старажытным лялечным тэатрам, з паняццем “музейны прадмет” на прыкладзе батлеечнай скрыні і лялькі; дзеці самі робяць з даступнага матэрыяла батлеечную ляльку; спрабуюць сябе ў якасці батлейшчыка.

Сярод сумесных мерапрыемстваў з навучальнымі ўстановамі − “Літаратурная гасцёўня “Па старонках сямейнага альбома Багдановічаў”, віктарына-конкурс “Дарогамі Максіма” і інш.

У філіяла шмат аматараў і сярод моладзі, і сярод людзей сталага ўзросту. “Беларуская хатка” з’яўляецца месцам, дзе адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, артыстамі, музыкамі, мастакамі, навукоўцамі, а таксама літаратурна-музычныя вечары, прысвечаныя юбілейным датам і цікавым падзеям гісторыі і культуры нашай краіны.

Спецыяльная праграма для дзяцей на вясновых канікулах:

Дзераўлянае яечка” (знаёмства з музейным прадметам на прыкладзе велікоднага яйка, гісторыя і традыцыя фарбавання яек і  велікодных гульняў, Вялікдзень у творчасці М.Багдановіча,  майстар-клас па вырабе падстаўкі для яйка).

Музейна-педагагічныя заняткі:

  • Сам зраблю батлеечную ляльку” (знаёмства з музейным прадметам на прыкладзе батлеечнай лялькі, з вырабам батлеечнай лялькі з кардону);
  • Падарожжа ў чароўны свет батлейкі” (знаёмства з музейным прадметам “Магілёўская батлейка 19 ст.”, прагляд батлеечнага прадстаўлення);
  • І тчэ, забыўшыся, рука” (знаёмства з музейным прадметам на прыкладзе рушніка, паяска, з магчымасцю паспрабаваць саткаць свой паясок).

Лекцыі:

  • Мінск Максіма Багдановіча” (пра Мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча);
  • Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі?..” (М. Багдановіч, яго родныя і сябры і першая сусветная вайна);
  • Мінскае акружэнне Максіма Багдановіча” (пра асобаў, з якімі М.Багдановіч сябраваў падчас жыцця  ў Мінску 1916-1917 гг.).
прейскурант цен

Адрас:
г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19

Праезд да станцыі метро «Інстытут культуры», маршруты аўтобусаў 4, 6, 10, 40, 100, 163, тралейбусаў 11, 23, 27, 43, 51, 63, 64 (прыпынак «Маскоўская»).