Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Максім БагдановічУ адным з самых прыгожых месцаў у Мінску – Траецкім прадмесці – размясціўся музей, прысвечаны жыццю і творчасці паэта, які амаль ўсё жыццё пражыў удалечыні ад Бацькаўшчыны, але ўсе творы якога былі прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча заснаваны паводле пастановы Бюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ад 19.9.1980, пачаў працу 1.4.1981. Размяшчаецца ў будынку, помніку гарадской архітэктуры 19 ст. Першая экспазіцыя адкрыта для наведвання 8.12.1991 да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта М.А.Багдановіча, другая – 9.12.2016. 

Музей узначальвалі М.П.Пазнякоў, Т.М.Кароткая, Л.Т.Хадкевіч, А.В.Бяляцкі, М.В.Трус, І.І.Думанская, Т.Э.Шэляговіч, М.М.Запартыка. З 2018 года загадчык – Бараноўскі Міхаіл Аляксандравіч.

Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, навукова-экспазіцыйную і навукова-асветніцкую працу, зберагае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Максіма Багдановіча.

Асноўны фонд музея (на 01.01.2024) налічвае 14 439 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 6 911 адзінак. Самая вялікая калекцыя музея – кнігі. Сярод іх 6 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М.Багдановіча “Вянок” (3 экзэмпляры з аўтографам паэта), кнігі кола чытання М.Багдановіча, літаратура пра яго жыццё і творчасць, кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў канца 19 – пач. 20 ст., творы яго паслядоўнікаў, пераклады, прысвячэнні. 

Значную калекцыю ўтвараюць рукапісы, у тым ліку рукапісны зборнік вершаў М.Багдановіча “Зеленя”, аўтографы вершаў “Я вспоминаю дом старинный” і “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт…”, а таксама ўспаміны пра паэта (яго бацькі А.Я.Багдановіча, Л. Сівіцкай, Дз.Дзябольскага і інш.), рукапісы родных і знаёмых, людзей з асяроддзя (У.Г.Караленкі, К.П.Пешкавай, А.Смоліча); аўтографы беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва (З.Бядулі, А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, М.Лужаніна, А.Багатырова, М.Аладава, Ю.Семянякі і інш.).

Калекцыя дакументаў прадстаўлена асабістымі матэрыяламі сям’і Багдановічаў і сваякоў, дакументамі грамадска-культурнага жыцця Беларусі, якія тычацца пытанняў ушанавання памяці паэта. У раздзеле аўдыёвізуальных помнікаў сабрана каля 6 тыс. фотаздымкаў і негатываў М.Багдановіча, яго родных, знаёмых і сяброў, даследчыкаў яго творчасці, а таксама мясцін, звязаных з жыццём і імем паэта, фотаздымкі мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці паэта. Захоўваюцца ў фондах 3 кінастужкі пра паэта, відэафільм, грампласцінкі, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы М.Багдановіча, магнітафонныя запісы ўрачыстых мерапрыемстваў і ўспамінаў. 

Вобраз класіка беларускай літаратуры і тэмы яго творчасці натхнілі мастакоў на стварэнне шматлікіх твораў мастацтва, у фондах музея зберагаюцца карціны, скульптуры, графічныя творы. Прадметы этнаграфіі і побыту, мэблі, ткацтва, адзення дазваляюць ствараць экспазіцыі і выстаўкі, якія перадаюць умовы жыцця і побыту канца 19 – пачатку 20 стст.

Паслугі і кошты

Адрас:
220029, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, д. 7а

Прыёмная:
+375 (17) 363-07-61

Запіс на экскурсіі і заняткі:
+375 (17) 355-22-95

Электронны адрас:
maksimbagdanovich@gmail.com

Музей працуе:
10.00–19.00, выхадны дзень – панядзелак.

Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 363-07-61.

Загадчык філіяла:
Міхаіл Аляксандравіч Бараноўскі

Кантакты ў сацыяльных сетках:

Вконтакте: https://vk.com/maksim_bagdanovich

Facebook: https://www.facebook.com/maksimbagdanovich/

Instagram: https://www.instagram.com/bagdanovichmuseum/

Одноклассники: https://ok.ru/litaraturny

Як даехаць:

Праезд да станцыі метро “Няміга”, маршруты тралейбусаў № 12, 29, 37, 40, 53, 46, аўтобусаў № 24, 38, 57, 91 (прыпынак “Оперны тэатр”).

Close Menu