Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Калекцыя “Газеты” налічвае звыш 4500 тыс. адзінак захоўвання. У яе склад уваходзяць газеты, якія паступілі з асабістых архіваў К.Крапівы, В.Віткі, Н.Гілевіча, П.Пранузы, В.Чамярыцкага, М.Хайноўскай і іншых. Перыядычныя выданні датуюцца другой паловай ХIХ ст. – пачаткам ХХI стагоддзя. Найбольш раннія выданні калекцыі – газеты “Сынъ отечества” (пераплёт №1-299 за 1870 г., г. Санкт-Пецярбург), “Епархіальныя ведомости” (№15-16, 1881 г.) і “Biesiada literacka” (1884 г., г. Варшава).

Сын отечества 1870 г.

Biesiada literacka 1884 г.

Выданні пачатку-першай паловы ХХ ст. прадстаўлены газетамі: “Северо-Западный край” (1905 г.), “Гродзенскія губернскія ведомости” (1906 г.), “Северо-Западный телеграфъ” (1909 г.), “Przyjaciel ludu” (1909 г.), “Славянскія Известія” (1914 г.), “Вестникъ Минскаго губернаторского коммисариата” (1917 г.), “Витебскія губернскія ведомости” (1917 г.).

Северо-Западный край 1905 г.

Przyjaciel ludu 1909 г.

Значную каштоўнасцю прадстаўляе газета Наша Ніва (1906 г., 1909 г., пераплёт за 1912 г.) – грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага руху Беларусі. Выдавалася ў перыяд з 1906 г. па 1915 г. у Вільні. Заснавальнікамі газеты былі  вядомыя дзеячы беларускага адраджэння: браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў, Цётка. Дзякуючы “Нашай Ніве” адбылося станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, фалькларыстыкі, склаліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. Многія вядомыя паэты і пісьменнікі з яе пачыналі свой творчы шлях. Так, напрыклад, можна вылучыць нумары за 1906 г., дзе пачынаў друкавацца Я.Колас: №2 (верш “Могілкі”), №3 (апавяданне “Чорт”), №6 (апавяданне “Думкі ў дарозе”, верш “Моладасць”), нумары №1, №10 за 1909 г., дзе ўбачылі свет першыя вершы М.Багдановіча “Над магілай”,  “Прыйдзе вясна” і інш.

Наша Ніва №2 1906 г.

Наша Ніва №6 1906 г.

Найбольш шырока ў калекцыі прадстаўлены перыядычны друк савецкага часу: “Минская газета” (1918 г.),  “Звязда” (1921-1991 гг.), “Комсомольская правда”, (1942 г., 1968 г.),  “Труд” (1921 г., 1929 г., 1960 г.) “Правда” (1917-1992 гг.), “Савецкая Беларусь” (1920-1933 гг.), “Известия” (1917-1994 гг.), “Літаратура і мастацтва” (1935-2020 гг.) і г.д., а таксама беларускія абласныя газеты – органы абласных і гарадскіх камітэтаў камуністычнай партыі (“Витебское слово”, “Магілёўскі селянін”, “Бальшавік Барысаўшчыны”, “Калгаснік Узьдзеншчыны”, “За перамогу камунізму”, “Большэвіцкі сцяг”).

Совецкая Беларусь 1942 г.

Правда 1942 г.

Звязда 1925 г.

Літаратура і мастацтва 1965 г.

У калекцыі сабраны перыядычныя выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Газета “За совецкую Беларусь” №38 1942 г. з вершам Кандрата Крапівы “Мы аддзячыць зможам” стала першым прадметам, з якога ў 1987 г. пачала фарміравацца калекцыя. Яна была перададзена з архіва народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова яго жонкай Соф’яй Захараўнай. Газета выдавалася ў перыяд 1941-1942 гг. на беларускай мове Палітупраўленнем Заходняга фронту пры удзеле ЦК КП(б)Б. У ёй працавалі вядомыя паэты і пісьменнікі М. Лынькоў (рэдактар), М.Танк, П.Броўка, К.Крапіва, П.Панчанка і інш.

За совецкую Беларусь 1942 г.

Слово бойца 1943 г.

Асобным блокам вылучаюцца 27 нумароў газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941-1945 гг.) – ілюстраванага сатырычнага выдання для партызан і насельніцтва Беларусі, якое выхадзіла спачатку як газета-плакат, пазней – як сатырычны часопіс ЦК КП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе, у Маскве, у Навабеліцы, Мінску. Газета змяшчала фельетоны, памфлеты, літаратурныя творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да барацьбы з ворагам. Усяго ў свет выйшла 142 нумары. Рэдакцыю ўзначальвалі Міхась Чавускі, Кандрат Крапіва. Тут друкаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, К.Крапівы, Я.Брыля, М.Лужаніна, К.Чорнага, М.Танка, П.Пранузы і інш., малюнкі рабіліся вядомымі мастакамі А.Волкавым, В.Мядзведзевым, Г.Вальком і інш.

Раздавім фашысцкую гадзіну 1941 г.

Раздавім фашысцкую гадзіну 1942 г.

Раздавім фашысцкую гадзіну 1943 г.

Раздавім фашысцкую гадзіну 1944 г.

Раздавім фашысцкую гадзіну 1945 г.

У калекцыі прадстаўлены цікавыя ўзоры перыядычнага друку беларускага замежжа 1990-ых гг. Сярод іх газеты, якія выдаваліся ў ЗША (“Беларус”, “Беларускі патрыёт”), Канадзе (“Беларускі голас”, “Водгаласы”), Францыі (“Беларускія навіны”, “Русские новости”) і Польшчы (“Зорка”). Сабраны перыядычныя выданні на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай, англійскай, латышскай, яўрэйскай, украінскай мовах, якія выдадзены ў Маскве, Пецярбургу, Буэнас-Аэрэсе, Вільні, Берліне, Парыжы, Варшаве, Тэль-Авіве і іншых гарадах.

Структура калекцыі:

  • Перыядычны друк Расійскай імперыі II паловы ХІХ ст. – 1917 г. (“Сыны отечества”, “Наша ніва”, “Заря”).
  • Заходнебеларускі перыядычны друк 1921-1939 гг. (“Западная магістраль”, “Ziemia Brzeska”).
  • Савецкі перыядычны друк 1918-1940 гг. (“Жизнь искусства”, “Известия”, “Наша праўда”, “Беднота”).
  • Савецкі перыядычны друк перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. (“Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Советская Белоруссия”, Слово бойца”).
  • Савецкі перыядычны друк 1946-1991 гг. (“Літаратура і мастацтва”, “Вечерний Минск”, “Комсомольская правда”, “Настаўніцкая газета”, “Звязда” і інш.).
  • Беларуская нацыянальная перыёдыка 1991-2020 гг. (“Чырвоная змена”, “Народная газета”, “Зорька”, “Во славу родины”, “Голас Радзімы”, “Культура” і інш.).

У адпаведнасці з Праграмай камплектавання музейных фондаў на 2021-2025 гады калекцыя “Газеты” працягвае папаўняцца, улічваючы прынцыпы актуальнага дакументавання літаратурнага працэсу на Беларусі.

Close Menu