Літаратурны музей Петруся Броўкі
Ці даводзілася вам бываць у цэнтры горада Мінска на вуліцы Карла Маркса? Менавіта на гэтай вуліцы ў доме пад нумарам 30, у чацвёртай кватэры, з 1951 па 1980 год жыў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка (25.06.1905 – 24.03.1980). Сёння гэты дом, пабудаваны ў стылі мадэрн архітэктарам Генрыхам Гаем, з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. А ў былой кватэры паэта 10 ліпеня 1980 года быў адкрыты Літаратурны музей Петруся Броўкі, які і сёння гасцінна прымае наведвальнікаў.
Літаратурны музей Петруся Броўкі зберагае духоўную і матэрыяльную спадчыну паэта. Сярод экспанатаў – рукапісы і аўтографы П.Броўкі, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя рукапісы на словы паэта. Цікавасць таксама выклікаюць карціны, падараваныя П.Броўку, графічныя аркушы з ілюстрацыямі да яго твораў.
Экспазіцыя музея складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак. Дакументальная экспазіцыя падрабязна знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам П.Броўкі, з маляўнічымі краявідамі тых найпрыгажэйшых мясцін, дзе ён нарадзіўся і пабываў. Мемарыяльная частка – гэта бібліятэка і рабочы кабінет П.Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўсе рэчы і мэбля стаяць на сваіх месцах, як і пры жыцці паэта.Асабістая бібліятэка П.Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкая літаратура, класічная і пасляваенная літаратура. Гэтыя кнігі выступаюць маўклівымі сведкамі таго, дзе пабываў паэт. А наведаў ён многія куточкі планеты.
І ўсё ж, для П.Броўкі самымі прыгожымі былі родныя мясціны, дзе прайшлі яго маленства і юнацкія гады, з успамінамі пра старую бярозу на бацькоўскім полі, пра ручай, з якога пастушком наталяў ён смагу, пра родную хату з духмяным смалістым водарам і, нарэшце, пра самы светлы, захаваны ў самым сэрцы вобраз – маці. Менавіта гэтыя матывы з’яўляюцца асноўнымі ў творчасці П.Броўкі. Творы паэта перакладзены на многія мовы свету.
Акрамя плённай працы на ніве беларускага слова П.Броўка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, сустракаўся з пісьменнікамі і дзеячамі іншых нацыянальных культур, пабываў у розных кутках Еўропы і Азіі. Ён удзельнічаў у XIV сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у г. Нью-Ёрку (1959), на якой заявіў аб тым, што людзям на планеце трэба жыць у згодзе і сяброўстве, праяўляць гуманнасць, берагчы ўсё жывое на зямлі, не дапускаць узнікнення войнаў. У час Асамблеі было прынята рашэнне аб усеагульным і поўным раззбраенні пад міжнародным кантролем.
Пералік паслуг у Літаратурным музеі Петруся Броўкі
Экскурсіі па экспазіцыі музея:
- “Жыццёвы і творчы шлях Петруся Броўкі”
- “Жыцця даўгога каляіны…” (экскурсія-крыжаванка)
- “Жыццё складанае бясконца…” (экскурсія-віктарына для 5-11 кл., алімпіяднікаў, навучэнцаў профільных класаў, удзельнікаў літ. гурткоў)
Музейныя заняткі:
- Музейна-педагагічны занятак “Гульні і загадкі Петруся” (інтэрактыўна-тэатралізаваная сустрэча на базе музея, сумеснае стварэнне фантастычна-вострасюжэтнай аповесці-казкі пра Петруся Броўку і правядзенне экскурсіі па ягонай кватэры, для 1-11 кл.);
- “Мяне чакаюць у музеі” (знаёмства з музейнай працай, місіяй музея, музейнымі тэрмінамі, відамі музеяў і іх асаблівасцямі ў займальнай форме, для 1-11 кл.);
- “З місіяй – у падарожжа” (позірк на нязвыклы для вывучэння бок жыцця Петруся Броўкі – яго шматлікія падарожжы – як па краінам былога СССР, так і краінам бліжэйшага і далёкага замежжа; 1-11 кл.);
- “Калі саджуся за паперу…” (узнаўленне на базе музея пісьменніцкага творчага працэсу: наведвальнікі змогуць надрукаваць вершы Броўкі на пішучай машынцы, навучыцца пісаць пяром і чарнілам, для 1-11 кл.);
- “А ўсё яно ідзе з малога…” (раскрыццё асаблівасцяў дзяцінства П.Броўкі з дапамогай інтэрактыўнай прэзентацыі ў выглядзе музейнага канструктара, для 1-4 кл.).
Лекцыі:
- “Геаграфія Петруся Броўкі” (знаёмства з асноўнымі этапамі жыцця П.У. Броўкі ў адпаведнасці з яго месцазнаходжаннем, для 5-11 кл.);
- “Вішнёвая” энцыклапедыя” (знаёмства з асобай Петруся Броўкі, першага галоўнага рэдактара БелСЭ, акцэнт на ўнёсак паэта ў беларускую энцыклапедычную справу, для 5-11 кл.);
- “Па слядах Patrium carmen (Песня Айчыны)” (займальнае падарожжа па гісторыі Беларусі з прыпынкамі на асноўных гімнах. Расповед аб варыянтах гімна БССР (аўтары: П. Броўка, К. Крапіва), для 5-11 кл.);
- “Ты для мяне…” (раскрыццё асаблівасцяў тэмы кахання ў паэзіі і асабістым жыцці П. Броўкі, расповед пра Алену Міхайлаўну Броўка. Дэманстрацыя архіўных фотаздымкаў сям’і Броўкаў, асабістых рэчаў Алены Міхайлаўны, для 9-11 кл.);
- Аўтарская лекцыя Васіля Дранько-Майсюка “Эмацыйны партрэт Петруся Броўкі” (жыццёвы і творчы шлях народнага паэта Беларусі з пошукамі і знаходкамі, памылкамі, падзеннямі ды ўзлётамі – праз адлюстраванне поглядаў Петруся Броўкі на розныя рэчы – ад побытавай паўсядзённасці да філасофіі, для 8-11 кл.);
- “Гісторыя адной сям’і” (трагічная старонка жыцця беларускага народа – рэпрэсіі ў БССР 1930-х гадоў – на прыкладзе лёсу родных з боку Алены Міхайлаўны, жонкі паэта – сям’і Рыдзеўскіх; дэманстрацыя архіўных фотаздымкаў сям’і Рыдзеўскіх і архіўных дакументаў з КДБ; 9-11 кл.).
Настольныя гульні:
- “Таямніцы Петруся Броўкі” (знаёмства ў форме настольнай картачнай гульні з асноўнымі біяграфічнымі дадзенымі пра народнага паэта Беларусі Петруся Броўку, а таксама з часткай калекцыі, якая захоўваецца ў фондах музея; гульня для невялікіх (да 5 чалавек) груп 9-11 кл.);
- “Мінск вачыма Петруся Броўкі” (гульня-вандроўка для невялікіх (да 5 чалавек) груп 8-11 кл.; візуальнае падарожжа па Мінску Петруся Броўкі з прыпынкамі на асноўных вуліцах і будынках).
Інтэрактыўны квэст
“Апошняя справа кватэры Броўкі” (на базе музея, для 5-11 кл.).
Адрас:
220030, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30
(на дамафоне націснуць “Музей”).
Тэлефон: +375 (17) 342-09-81
Электронны адрас:
museum.brovka@gmail.com
Музей працуе:
10.00–19.00, выхадны дзень – панядзелак.
Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 342-09-81.
Загадчык філіяла:
Вольга Мiхайлаўна Арлоўская
Кантакты ў сацыяльных сетках:
YouTube-канал: https://www.youtube.com/channel/UCCPZqEFRqUwU6vLrTJ1ENmw
Вконтакте: https://vk.com/museum_brovka
Facebook: https://www.facebook.com/museum.brovka
Instagram: https://www.instagram.com/museum_brovka/