Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

У музейнай калекцыі “Фотадакументы з аўтографамі” больш 422 адзінкі захоўвання. Асноўнымі крытэрыямі адбору ў калекцыю з’яўляюцца наяўнасць на фатаграфіі, фотаальбоме дароўных надпісаў ці аўтографаў пісьменнікаў альбо дзеячаў культуры.

Калекцыя пачала фарміравацца з моманту стварэння музея ў 1987 г. Першым музейным прадметам стала студыйная партрэтная фатаграфія Алеся Гурло (беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, лінгвіста) з рукапісным дароўным надпісам свайму сябру на адваротным баку: “Александру Демидовичу на добрую память. Искренний друг А.Гурло. 19/V-18 г”.

Дароўны надпіс Алеся Гурло свайму сябру Аляксандру Дзямідавічу: “Александру Демидовичу на добрую память Искренний друг (подпіс)”

На сённяшні дзень найбольш раннімі фатаграфіямі ў калекцыі з’яўляюцца студыйныя партрэты Апалінара і Канстанцыі Багушэвічаў – брата і дачкі Францішка Багушэвіча. Фатаграфіі знаходзіліся ў Яна Тарчэўскага, стрыечнага ўнука Францішка Багушэвіча, які перадаў іх Уладзіміру Содалю, беларускаму літаратуразнаўцу, журналісту, даследчыку.

На адваротным баку партрэта Апалінара Багушэвіча яго дароўны надпіс сваёй сястры Ганне: “Napamiat(?)ne ukohanej (?) Anne (?) brata (подпіс) 24 wrzejnia 1876 roku”.

Дароўны надпіс Апалінара Багушэвіча сваёй сястры Ганне: “Napamiat(?)ne ukohanej (?) Anne (?) brata (подпіс) 24 wrzejnia 1876 roku”

На адвароце партрэта Канстанцыі Багушэвіч яе дароўны надпіс Мані, сваёй сваячцы (?): “Kochanej Mani na pamiatky “bratu(?)wka” Tunia 11/ІІІ 1908 r.”

Дароўны надпіс Канстанцыі Багушэвіч Мані, сваёй сваячцы (?): “Kochanej Mani na pamiatky “bratu(?)wka” Tunia 11/ІІІ 1908 r.”

Фатаграфіі былі зроблены ў Вільні, у прэстыжным фотаатэлье, якое спачатку называлася “Czyž Frėres, Wilna”, а потым “Czyž et Lopacinski”. Атэлье належала тром братам: Генрыху, Эдварду і Вацлаву. Генрых займаўся дэкарацыямі, атрыбутамі, падбіраў позы для здымкаў. Эдвард – кліентамі, дакументацыяй і касай. Вацлаў – лабараторыяй, рэтушшу.

Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца фатаграфіі з дароўнымі надпісамі пісьменнікаў, якія ўваходзілі ў літаратурнае аб’яднанне “Маладняк” (існавала з лістапада 1923 да лістапада 1928). Сярод іх – дароўныя надпісы Змітрака Астапенкі, Валерыя Маракова, Юркі Гаўрука, Юлія Таўбіна, Іларыёна Барашкі, Паўлюка Труса, Васіля Каваля, Міколы Нікановіча, Тодара Кляшторнага і інш.

Дароўны надпіс  Валерыя Маракова Міколу Нікановічу, беларускаму пісьменніку, перакладчыку: “Мiколу Нiкановiчу (падкрэслена) Пачынаецца вясна… Твой Валеры 1932 г.”

Дароўны надпіс Тодара Кляшторнага Сяргею Дарожнаму, беларускаму паэту, перакладчыку, грамадскаму і культурнаму дзеячу: “Сяргею Дарожнаму. Сябру, паэту i таварышу па згуртаваньню (подпіс Тодара Кляшторнага)”

Здатчыкамі музейных прадметаў з’яўляюцца не толькі сябры, родныя і сваякі пісьменнікаў, а і самі пісьменнікі. У 1993 годзе народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў перадаў у фонды літаратурнага музея больш за 800 адзінак захоўвання са свайго асабістага архіва, 46 музейных прадметаў з іх былі ўключаны ў калекцыю “Фотадакументы з аўтографамі”. Сярод іх – фатаграфіі, на адваротным баку якіх можна прачытаць вершаваныя гумарыстычныя подпісы Уладзіміра Караткевіча.

Вершаваны надпіс Уладзіміра Караткевіча: “Тут твару няма, але гэта Быкаў, Калі ён кагосьці (ці штосьці) пстрыкаў. (подпіс)”

Вершаваны надпіс Уладзіміра Караткевіча: “Мяркуюць па пузе Аб членстве ў Саюзе. (подпіс)”

70-цю адзінкамі захоўвання папоўнілася музейная калекцыя дзякуючы Уладзіміру Круку, выдатнаму беларускаму фотакарэспандэнту, які працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і Мастацтва” і сябраваў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Сярод перададзеных матэрыялаў – фатаграфіі з подпісамі народных пісьменнікаў і паэтаў Беларусі: Петруся Броўкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Івана Навуменкі.

Дароўны надпіс Васіля Быкава Уладзіміру Круку, беларускаму фотакарэспандэнту: “Пільнае вока Валодзі Крука – На светлае заўтра – Зарука (подпіс) 1988 г.”

Дароўны надпіс Аркадзя Куляшова Уладзіміру Круку, беларускаму фотакарэспандэнту: “Уладзіміру Круку – ад аўтара (подпіс) 28.IV-77 г.”

Дароўны надпіс Івана Мележа Уладзіміру Круку, беларускаму фотакарэспандэнту: “Валодзі Круку – майстру ад сэрца. (подпіс) 8.II.71 г. (у дзень 50-годдзя)”

Дароўны надпіс Андрэя Макаёнка Уладзіміру Круку, беларускаму фотакарэспандэнту: “Валодзька! А ты ж харошы! А ты ж наш! А ты ж Савецкі! І заўсёды і з усімі будзь такім. Твой сябра (подпіс) 14.VIII.1972 г.”

Калекцыя “Фотадакументы з аўтографамі” працягвае камплектавацца каштоўнымі матэрыяламі, якія адлюстроўваюць не толькі моманты жыцця нашых пісьменнікаў,  а таксама фіксуюць “руку” майстроў слова.

Close Menu