Хата-музей Петруся Броўкі
10 ліпеня 1980 г. у в. Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, быў заснаваны мемарыяльны музей. Пяць гадоў ішла напружаная праца па зборы неабходных звестак для аднаўлення роднага дома паэта, які ў гады вайны спалілі гітлераўцы. Хата-музей П. Броўкі была адкрыта ў ліпені 1985 г.
Дом быў адноўлены на месцы сядзібы сям’і П. Броўкі, якая жыла там з 1925 г. У новай хаце, па сваіх памерах значна большай, размешчана цікавая экспазіцыя. Яна складаецца з 2 частак – мемарыяльнай і літаратурнай. У мемарыяльнай частцы сабраны рэчы, што адлюстроўваюць побыт сялян краю, у тым ліку і сям’і П. Броўкі ў пачатку XX ст. У літаратурнай – жыццё і творчасць паэта. Шматлікія копіі рукапісаў, выдадзеныя творы, унікальныя фотаздымкі раскрываюць станаўленне П. Броўкі як паэта-грамадзяніна. Шырока прадстаўлены этнаграфічныя матэрыялы і мемарыяльныя рэчы паэта, якія адлюстроўваюць перыяд яго жыцця ў вёсцы і ранні перыяд яго творчасці.
Адрас: 211524, в. Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці
Музей працуе: з 9:00 да 18:00, акрамя суботы і нядзелі.
Тэл.: +375 (21) 583-22-64