Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

“…Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае…” – пісаў Кузьма Чорны пра Цімкавічы. Ён лічыў іх сваёй другой радзімай. А вось нарадзіўся Мікалай Раманоўскі ў маёнтку Боркіі Слуцкага павета, куды яго бацькі паехалі з Цімкавіч парабкаваць да пана Эдварда Вайніловіча.

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

Цімкавічы з’яўляюцца адным са стражытнейшых населеных пунктаў Капыльскага раёна, якія знаходзяцца ў 25 кіламетрах ад Нясвіжа, і маюць багацейшую гісторыю. Паводле прыгожай легенды назва Цімкавічы паходзіць ад імя Цімка – славутага асілка, які некалі жыў тут, дапамагаў бедным і слабым.

Упершыню Цімкавічы ўпамінаюцца ў 1499 годзе ў судовай грамаце, выдадзенай вялікім князем Аляксандрам князю Сямёну Міхайлавічу Алелькавічу. У розныя гады ўладальнікамі Цімкавіч былі Хадкевічы, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы.

У Цімкавічах прайшло дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Тут ён скончыў двухкласнае вучылішча, працаваў у аддзеле народнай асветы і настаўнічаў.

Кузьма Чорны рос і гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля адна на год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю. Пагэтаму беларускі народ помніць яго і ўшаноўвае аб ім памяць. Аб гэтым сведчыць музей, пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы, пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы, заслужанай настаўніцы школ БССР З.І.Раманенка. Спачатку быў ён школьным, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага і створана новая эскпазіцыя. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага – празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста.

Канвой мастацкага афармлення залаў сталі малюнкі самога пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай экспазіцыі і дапамагаюць эмацыянальна раскрыць свет перажыванняў аўтара. У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы.

У Цімкавічах шмат мясцін звязана з жыццём пісьменніка. На Капыльскай вуліцы знаходзіцца студня, з якой Раманоўскія бралі ваду. І зараз з яе можна напіцца смачнай чыстай вады. У цяністым радзівілаўскім парку прыгожы спуск прывядзе Вас да ракі Мажы, дзе Мікалай Раманоўскі разам з Міколам Хведаровічам адвязвалі човен і плылі ў зараслі рачулкі лавіць рыбу. Прыгожы Скіп’еўскі лес, дзе ў дзяцінстве дзед расказваў і паказваў Колю як хвоі гамоняць, як паўзе жучок, як травінка да травінкі хіліцца. Тут знаходзіцца падмурак царквы, куды ў дзяцінстве разам з маці хадзіў Коля спяваць у царкоўны хор. Захавалася крынічка ў Бушылаве – любімае месца адпачынку Кузьмы Чорнага.

Музей з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам. Тут праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі ў рамках праграмы “Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго”, “Наша спадчына”, “Музей і дзеці”, сустрэчы з пісьменнікамі, акцыі з работнікамі МНС, ДАІ, чыгункі, настаяцелем царквы Мікалая Цудатворца, вечарыны, выставы беларускіх пісьменнікаў, музейныя святы.

Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага для дарослых і вучняў старэйшых класаў з 1997 года пры музеі працуе студыя аматараў тэатра “Іскрынка”. Яе ўдзельнікамі пастаўлены інсцэніраваныя апавяданні Кузьмы Чорнага “Маё дзела цялячае”, “Родныя мясціны”, артыкул “У роднай глушы”, п’еса “Базылевічава сям’я”, аповесць “Насцечка”.

Для выхаванцаў дзіцячага сада, малодшых і сярэдніх класаў працуе з 2003 года тэатр фланелеграфіі “Скарбонка прыгажосці”.

Наведвальнікі музея пасля экскурсіі могуць па жаданню паглядзець адну з гэтых пастановак у відэазапісе.

Усіх, хто жадае прыемна і з карысцю правесці час, Літаратурны музей Кузьмы Чорнага запрашае на квэст. Дапытлівыя і цікаўныя змогуць раскрыць для сябе старонкі з жыцця вядомага пісьменніка, бліжэй        пазнаёміцца з яго творчасцю 20-30-х гг. ХХ ст. Падчас квэсту вы зможаце ўбачыць кнігу, упершыню падпісаную вядомым псеўданімам аўтара, убачыць першыя , яшчэ “маладнякоўскія” зборнікі К.Чорнага, а таксама ўнікальныя “ўзвышэнскія” фотаздымкі. Цікавай у квэсце будзе разгадка інтрыгі,  чаму адна і тая ж кніга пісьменніка падпісана двума аўтарамі: Кузьмой Чорным (1933 г.) і Уладзімерам Дубоўкам (1966 г.)

Вы ведаеце, што такое фланелеграфія?  Завітайце ў Літаратурны музей Кузьмы Чорнага — вам раскажуць і пакажуць. Пры музеі працуе тэатр фланелеграфіі “Скарбонка прыгажосці”, удзельнікі якога — мясцовыя жыхары. Калі вам пашчасціць трапіць у час, вы станеце гледачом гэтай дзеі.

Людміла Ніжэвіч

Адрас:

223920, вул. Слуцкая, 60, аг. Цімкавічы, Капыльскі раён, Мінская вобласць.

Тэлефон:

+375 (17) 194-34-26

Музей працуе:

10.00–18.00, выхадныя дні — панядзелак, аўторак.

Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 194-34-26.

Загадчык філіяла:

Алена Мікалаеўна Гарэлік

Кантакты ў сацыяльных сетках:

Вконтакте: https://vk.com/public189053381

Facebook: https://www.facebook.com/museum.chornaga/

Instagram: https://www.instagram.com/museum_kuzmy_chornaga/

Одноклассники: https://ok.ru/profile/539897765875

  • Thumbnail title

    Thumbnail description

Close Menu