Фальварак Ракуцёўшчына
З 1991 года пачалося аднаўленне сядзібы Лычкоўскіх, стварэнне філіяла, які на сённяшні момант уключае наступныя музейныя аб’екты: Дом арандатара, Дом гаспадара, гумно, Максімаву крыніцу, помнік і Максімаў сад.
У першую чаргу быў адноўлены Дом арандатара, дзе ўлетку 1911 г. жыў М.Багдановіч. У гэтым доме, дзе, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася, створана музейная экспазіцыя. Цэнтральнае месца займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма Багдановіча, побач − яго адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок” (1913 г.), фотаздымкі сяброў Антона і Івана Луцкевічаў, В.Ластоўскага, паштоўкі з выявамі Вільні. Гэтыя экспанаты распавядаюць пра адзін з самых творча насычаных перыядаў жыцця паэта. У інтэр’еры пакоя выкарыстаны прадметы мэблі, побыту пачатку ХХ стагоддзя: драўляны ложак, стол. На ім размешчаны кнігі французскіх аўтараў, якімі захапляўся М.Багдановіч (П.Верлен, Г.Флабэр, Ш.Бадлер). Над сталом лунае птушка з саломкі, як сімвал паэтычнага натхнення.
Кожны з прадметаў паасобку і ўсе яны разам ствараюць уражанне, што малады паэт, які жыве ў гэтым дамку, пакінуў яго хвіліну назад: выйшаў на шпацыр альбо запрошаны да гаспадароў.
У Доме гаспадара ўзноўлены інтэр’еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой. Самая вялікая частка экспазіцыі размясцілася ў гасцёўні. Рэканструкцыя інтэр’ера гэтага пакоя суправаджалася стварэннем адпаведнай, нават некалькі рамантызаванай атмасферы, на якую звяртала ўвагу ў сваіх успамінах Я.Шабуня. Менавіта тут маладога паэта сустракалі гаспадары з беларускай гасціннасцю і шчырасцю, былі яго суразмоўцамі і дарадцамі.
Для стварэння адпаведнага настрою і адлюстравання тагачаснага жыцця шляхціца выкарыстаны кнігі і газеты, якія падкрэсліваюць адукаванасць гаспадара, яго актыўную жыццёвую пазіцыю, цікаўнасць да гісторыі і літаратуры. Асаблівую ўтульнасць пакою надае вялікі круглы стол, які займае цэнтральнае месца і сервіраваны для гарбаты. Экспануюцца фотаздымкі родных гаспадара, Зоф’і Лычкоўскай, Эміліі Шабуні і яе дачкі Яніны, да якой вельмі цёпла ставіўся М.Багдановіч.
Пяшчотнасць, замілаванне Максіма Багдановіча ў адносінах да дзяцей раскрываецца ў яго шматлікіх вершах. Адметнасцю экспазіцыі ў Доме гаспадара стаў дзіцячы пакой. Лялечная мэбля, буфет і канапка, маленькая дзявочая кашулька з далікатнымі карункамі, палічка з кнігамі. Побач − калыска з лазы, магчыма, у такой калысцы некалі засынала маленькая Яніна пад казкі, якія расказваў ёй Максім.
Кухня у дамах дробнай шляхты выкарыстоўвалася па сваім прамым прызначэнні − для прыгатавання ежы і захоўвання прадуктаў. Яе інтэр’ер адноўлены часткова, экспануюцца тыповая мэбля і прадметы хатняга ўжытку. Вязанкі часныку і цыбулі, сушаных яблыкаў і зёлак ствараюць адчуванне таго, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары, гасцінныя і шчодрыя.
Уявіць сабе жыццё беларусаў, “поўнае штодзённага клопату”, можна пры наведванні гумна, якое раней служыла для захавання і сушкі снапоў і іх далейшага абмалоту. У экспазіцыі прадстаўлены прылады працы селяніна − сярпы, цапы, прылады для апрацоўкі ільну і інш. У цэнтры − тагачасныя транспартныя сродкі: сані і воз − узор сталярнай і кавальскай працы. Цікавымі пададуцца наведвальніку вялізныя карабы для захоўвання зерня, пляцёнкі з лазы і саломы, дзежкі.
Фальварак Ракуцёўшчына прапануе Вашай увазе:
1. аглядавая экскурсія па экспазіцыі;
2. лекцыі:
“Жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча”;
“У зачарованым царстве Максіма Багдановіча”;
“Вянок” Максіма Багдановіча”;
“Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця (Вільня і Ракуцёўшчына)”;
“Дзень гімназіста”;
3. музейна-педагагічны занятак:
“Сам зраблю батлеечную ляльку” (уводная частка – расповед пра гісторыю батлеечнага тэатра, выраб батлеечнай лялькі з паперы).
Адрас:
222321, в. Ракуцёўшчына, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць.
Тэлефон:
+375 (17) 670-26-41
Электронны адрас:
falvarak-rak@yandex.by
Музей працуе:
10.00–17.30, выхадны дзень – панядзелак.
Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 670-26-41.
Загадчык філіяла:
Любоў Іванаўна Шчэрбач
Кантакты ў сацыяльных сетках:
Instagram: https://instagram.com/falvarak_rakutevschina
Як даехаць:
цягнік Мінск – Маладзечна, Маладзечна – Мінск, да станцыі Уша.