“Ёсць людзі, якія маюць быццам не адно жыццё, не адну біяграфію, – жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы, чалавек тады не бяднее, а наадварот – узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам – сапраўдным сынам народа – мы называем і Кандрата Крапіву.”
Янка Брыль
Кандрат Крапіва (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок Ігуменскага павета (цяпер Уздзенскі раён) Мінскай губерні, у сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, Уздзенскім народным вучылішчы, 4-класных гарадскіх вучылішчах у Стоўбцах і Койданава (цяпер Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 годзе экстэрнам здаў у Мінску экзамен на званне народнага настаўніка. У жніўні 1915 года прызваны ў царскую армію. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 года дэмабілізаваны. У пачатку 1920-х гадоў камандаваў у Чырвонай Арміі, потым настаўнічаў на Уздзеншчыне. У 1925 годзе пераехаў ў Мінск. Тут скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (1930). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” (1)* (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве працаваў у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь” (2), у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну” (3,4). У пасляваенныя гады – рэдактар часопіса “Вожык” (1945-1947) (5), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1956 – студзені 1982 гг. – віцэ-прэзідэнт АН БССР (6). Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. – вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
Кандрату Крапіве прысвоены ганаровыя званні народнага пісьменніка БССР (1956), Героя Сацыялістычнай Працы (1975) (7), Заслужанага дзеяча навукі БССР (1978). Быў узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені (8), Чырвонай Зоркі (9), Дружбы народаў (10) і медалямі. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР (11,12). Член СП СССР з 1934 года.
Памёр Кандрат Кандратавіч 7 студзеня 1991 года.
Свой творчы шлях Кандрат Крапіва пачынаў менавіта як паэт-сатырык. Яго першы надрукаваны твор – вершаваны фельетон “Жили-были”, пабачыў свет на старонках газеты “Красноармейская правда” 13 красавіка 1922 года. Крыху пазней, у газеце “Савецкая Беларусь”, быў надрукаваны і першы сатырычны верш на беларускай мове “Сваты”. З гэтага часу пачынаецца яго плённая літаратурная праца. Кандрат Крапіва быў членам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” (1924-1926) (13) і “Узвышша” (1926-1931) (14,15). Сатыра і гумар сталі вызначальнымі рысамі яго творчасці, якія пабачылі свет у кнігах “Асцё” (1925), “Крапіва” (1925) (16), “Біблія” (1926) (17), “Хвядос – Чырвоны нос” (1931) (18), “Выбраныя байкі” (1932), “Выбраная сатыра” (1938) (19), “Смех і гнеў” (1946) (20), “Жаба ў каляіне” (1957) (21), “Сорак баек” (1966) і інш., а таксама ў апошніх яго кніжках “Загадкі дзеда Кандрата” (1986) (22) і “Колючий строй” (1989) (23).
У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да драматургіі. Яго п’есы “Канец дружбы” (1934) (24), “Партызаны” (1937) (25), “Хто смяецца апошнім” (1939) (26), “Проба агнём” (1943), “З народам” (1948), “Пяюць жаваранкі” (1950), “Зацікаўленая асоба” (1953), “Людзі і д’яблы” (1958), “Брама неўміручасці” (1973), “На вастрыі” (1982) гэта значная з’ява не толькі ў беларускай драматургіі, але і ва ўсёй шматнацыянальнай драматургіі былой савецкай краіны. У гэтых творах пісьменнік узнімаў актуальныя праблемы і хвалюючыя тэмы тагачаснай рэчаіснасці.
Кандрат Кандратавіч выдаў і зборнікі прозы “Апавяданні” (1926), “Людзі суседзі” (1928) (27), “Жывыя праявы” (1930) (28). У 1932 годзе асобным выданнем выйшаў яго раман “Мядзведзічы” (29), прысвечаны жыццю беларускай вёскі канца 1920-х гадоў.
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) “Русско-белорусского словаря” (1953), навуковы рэдактар “Беларуска-рускага слоўніка” (1962), “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” у 5 тамах (1977-1984) і інш.
Вядомы і як перакладчык на беларускую мову (30).
Кандрату Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. – за п’есу “Хто смяецца апошнім”, у 1951 г. – за п’есу “Пяюць жаваранкі”, у 1971 г. – за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу “Брама неўміручасці”.
У зборы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца архіў Кандрата Крапівы, які налічвае каля 2000 адзінак захоўвання. У фонды музея яго перадала нявестка пісьменніка Зоя Мікалаеўна Атраховіч у 1998 і 2006 гадах. Сярод першых паступленняў былі кнігі “Крапіва”, “Канец дружбы”, “Выбраныя вершы”, “Смех і гнеў”, рукапісы вершаў “Жанчынам-купалаўкам”, “Ні мёду ні смуроду”, “Рэйган-касманаўт” і многія іншыя матэрыялы. Архіў пісьменніка ўключае ў сябе кнігі, дакументы (31,32), газеты, часопісы, фотадакументы, асабістыя рэчы (33–38), лісты, паштоўкі, тэлеграмы ад сяброў і калег, рукапісы і машынапісы (39–44), а таксама крытычныя артыкулы аб творчасці пісьменніка. Найбольш каштоўныя рукапісы датуюцца сярэдзінай 1940-х гг., сярод іх “Незабыўнай памяці…друга і таварыша”, “Я быў у Трасцянцы”, а таксама паштовая картка да Міхася Лынькова 1942 года (45). Сярод фотадакументаў вылучаюцца здымкі 1920-1950‑х гг. (46–54): партрэты, фатаграфіі, зробленыя падчас працы ў рэдакцыі газеты “За Савецкую Беларусь” у Маскве, а таксама сямейныя фота (55–61) і фотапартрэты з дароўнымі надпісамі фотакарэспандэнту-ЛіМаўцу Уладзіміру Круку (62). Значнае месца займае асабістая бібліятэка Кандрата Крапівы, якая змешчана ў чатырох кніжных шафах з кватэры пісьменніка, і яго рабочы стол 1950-х гадоў.
Мастацкія працы прадстаўлены двума экслібрысамі (63), якія зрабіў для Кандрата Кандратавіча беларускі мастак-графік Яўген Красоўскі, а таксама яскравымі кніжнымі ілюстрацыямі таленавітага майстра сатыры і плакату Анатоля Волкава (64–73).
З новых паступленняў у фондах музея можна адзначыць ліставанне Петруся Броўкі з Кандратам Крапівой, якое датуецца 1970-мі гадамі (74).
Творы народнага пісьменніка Кандрата Крапівы шырока вядомыя на ўсю Беларусь. Кожны зможа знайсці ў іх адказ на нейкае жыццёвае пытанне і натхніцца мудрасцю і неўміручым талентам піьменніка. Гэты дзіўны свет пранікае, узбагачае і дае магчымасць адкрыць для сябе вялікі скарб – беларускую нацыянальную літаратуру.
Баева Кацярына Сяргееўна,
загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі
і захоўвання фондаў
ДМГБЛ
* – парадкавы нумар музейнага прадмета ў галерэі