Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальны праект да 120-годдзя Пятра Глебкі

Мір вам, людзі, лясы і дубровы!
Мір табе, залатая зямля!
Скрозь расходзяцца гэтыя словы,
Іх сусвет паўтарае здаля…

(“Слова міру”)

6 ліпеня літаратурны свет адзначае 120-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, вучонага-акадэміка, грамадскага і культурнага дзеяча Пятра Фёдаравіча Глебкі.

Пятро Глебка нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Вялікая Уса, што на Уздзеншчыне. У сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік успамінаў: “У час майго маленства гэта была ціхая беларуская вёска, з абымшэлымі саламянымі стрэхамі, з маленькімі падслепаватымі аконцамі. І хоць называлася яна Вялікай Усай, было ў ёй тады двароў пяцьдзесят. Прыблізна пасярэдзіне вёскі, у самай лагчыне … стаяла старая сасновая хата маіх бацькоў.

Сям’я Глебкаў была шматдзетная. Бацька, Тодар Тодаравіч, валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі, але каб пракарміцца, гэтага не хапала, даводзілася падпрацоўваць. Сам Тодар Тодаравіч стальмашыў, цяслярыў, дзеці хадзілі на работу ў маёнтак. Пятро, самы малодшы ў сям’і, дапамагаў маці, Таццяне Восіпаўне, займацца хатняй гаспадаркай, працаваў на бацькоўскім надзеле.

У 1923 годзе Пятро Глебка скончыў Уздзенскую сямігодку, а ў 1924 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Гэтую навучальную ўстанову параўноўвалі з Царскасельскім ліцэем. Тэхнікум стаў сапраўднай літаратурнай школай, якую прайшоў шмат хто з беларускіх пісьменнікаў. Выкладчыкамі там працавалі Якуб Колас і Язэп Лёсік. Разам з Глебкам навучаліся будучыя вядомыя літаратары Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, а таксама Паўлюк Трус і Алесь Якімовіч – сябры Глебкі па ўздзенскай школе.

У Белпедтэхнікуме Пятро Глебка далучыўся да актыўнай літаратурнай працы. Ва ўстанове дзейнічала студыя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, членам якой пісьменнік-пачатковец стаў у 1925 годзе. Гэтым жа годам датуюцца першыя вершаваныя публікацыі Глебкі, якія з’яўляліся ў часопісах “Малады араты”, “Беларускі піянер”, газетах “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”.

Глебка хутка стаў адным з найбольш актыўных дзеячаў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк”. Аднак ужо ў 1926 годзе ён пакідае яго шэрагі. Некаторыя прынцыпы, дэклараваныя маладнякоўцамі (адмаўленне спадчыны пісьменнікаў-папярэднікаў, непавага да літаратурных традыцый) былі для яго непрымальныя. Пятро Глебка разам з былымі маладнякоўцамі (Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Уладзімірам Дубоўкам, Змітраком Бядулем, Язэпам Пушчам і інш.) удзельнічае ў стварэнні новага літаратурнага аб’яднання – “Узвышша”.

У задачу ўзвышаўцаў уваходзіла стварэнне высокамастацкай нацыянальнай літаратуры з выкарыстаннем набыткаў літаратурнай класікі, жывой народнай мовы, фальклору, са спалучэннем розных формаў і стыляў. Аб’яднанне займалася выданнем літаратурных зборнікаў, мела ўласны часопіс, сакратаром якога быў Глебка.

“Узвышша” станоўча паўплывала на развіццё паэтычнага таленту Глебкі, у многім змяніла яго творчую манеру. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай. Пра гэта сведчыць і першая кніга паэта – паэтычны зборнік “Шыпшына” — красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту. Лірыка паэта набывае сімволіка-алегарычныя абрысы, становіцца выразна медытатыўнай. Лірычны герой усё часцей самавыяўляецца праз мінорныя таны, праз вірлівы каскад супярэчлівых думак і перажыванняў. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі.

У 1927 годзе Глебка пераводзіцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе атмасфера ў цэлым спрыяла інтэлектуальнаму росту і мастацкай творчасці. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе П. Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце “Калгаснік Беларусі” і ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”.

З утварэннем Саюза пісьменнікаў у 1934 годзе Глебку прынялі ў яго шэрагі. Там ён працаваў кансультантам па паэзіі, таксама яго дэлегавалі на першыя з’езды пісьменнікаў Беларусі і СССР. У 1930-я гады свет убачылі кнігі Пятра Глебкі “Урачыстыя дні”, “Хада падзей”, “Арка над акіянам”, “Арлянка”, “Чатыры вятры” і “Мужнасць”.

Значны ўплыў на творчасць Глебкі 1930-х гадоў аказалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. Сярод пісьменнікаў свайго пакалення асабліва блізкія адносіны ён меў з Кандратам Крапівой і Петрусём Броўкам. Сяброўства Глебкі з Броўкам ператварылася ў плённае супрацоўніцтва, у выніку якога ў беларускай літаратуры з’явіўся новы аўтар – Лукаш Бандылевіч (сумесны псеўданім Глебкі і Броўкі). Вядомы беларускі скульптар Заір Азгур зрабіў шарж пад назваю “Пратаплазма Бандылевіча”, які сімвалізуе адзінства двух літаратараў. З блізкім прыяцелем Броўкам з-за аднолькавых імёнаў і сугучных прозвішчаў іх нават блыталі, таму сябры дамовіліся: Броўка стане Петрусём, а ён, Глебка, будзе падпісваць свае творы толькі як Пётр ці Пятро.

У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Глебка быў франтавым карэспандэнтам. Працаваў спачатку ў газеце “Красноармейская правда”, потым на Заходнім і Калінінскім франтах у рэдакцыях газет “За Савецкую Беларусь” і “За свабодную Беларусь”.

Сярод лепшых вершаваных твораў пісьменніка ваеннага часу – вершы “Партызаны”, “Пасылка”, “Дзень вайны”, “Мы вернемся”, якія друкаваліся ў сатырычнай газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў “Партызанскай дубінцы”.

Па заканчэнні вайны пісьменнік актыўна ўключыўся ў грамадскае і культурнае жыццё краіны, працягваў літаратурную дзейнасць: займаўся перакладамі на беларускую мову твораў рускай, украінскай, польскай, англійскай літаратуры. Галоўная тэма пасляваеннай творчасці – аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, барацьба за мір, памяць аб мінулай вайне.

У 1945 годзе Глебку запрасілі на працу ў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук БССР, дзе з 1952 года ён кіраваў сектарам лексікаграфіі, а ў 1956 годзе стаў на чале Інстытута мовазнаўства. П. Глебка заўсёды беражліва ставіўся да роднай мовы, ён клапаціўся аб яе развіцці, яе культуры і дзяржаўным статусе. Пра гэта сведчаць яго артыкулы “Аб мове пачынаючых пісьменнікаў”, “Нататкі пра беларускую літаратурную мову” і інш.

Яшчэ ў 1944 годзе П. Глебка ўзначальваў групу па падрыхтоўцы руска-беларускага слоўніка. Разам з Якубам Коласам і Кандратам Крапівой ён рэдагаваў гэтае трохтомнае выданне, якое ўбачыла свет у 1953 годзе і на доўгія гады стала адным з самых буйных і папулярных айчынных слоўнікаў, неаднаразова перавыдавылася.

За 25 гадоў працы ў АН БССР Глебка зрабіў значны ўклад у развіццё беларускай навукі. Менавіта з яго ініцыятывы ў 1957 годзе пры Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР стварылі новую навукова-даследчую ўстанову – Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Як вучоны і арганізатар навукі П.Ф. Глебка далучыўся да выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі. Пры непасрэдным удзеле Пятра Глебкі распачыналася велізарная праца па збіранні і падрыхтоўцы да выдання шматтомнага збору беларускага фальклору, за які ў 1986 годзе калектыў вучоных быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. З яго ініцыятывы ў інстытуце быў створаны аддзел па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі з мэтай падрыхтоўкі сямітомнага Зводу помнікаў.

Навуковыя дасягненні і арганізатарскія поспехі П. Глебкі заўважыла акадэмічнае кіраўніцтва. Ён стаў акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук. На гэтай пасадзе вучоны за год здолеў дасягнуць значных поспехаў. Менавіта ён заклаў надзейны падмурак для далейшага развіцця беларускай гуманітарыстыкі, стварэння навуковых школ у мовазнаўстве, фалькларыстыцы, этналогіі.

Акрамя літаратурнай і навуковай дзейнасці, Глебка вёў актыўную грамадска-культурную працу. Неаднаразова з 1955 па 1967 гады пісьменніка абіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У складзе беларускай дэлегацыі ён чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Уражанні ад амерыканскага ладу жыцця знайшлі адлюстраванне ў яго дзённікавых запісах і паэтычным цыкле, які ў пасмяротным выданні назвалі “З вершаў аб заграніцы”, “Размова з акіянам”.

За заслугі перад Радзімай Глебку ўзнагародзілі ордэнам Леніна (1965), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955), ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), “Знакам Пашаны” (1939), медалямі і ганаровымі граматамі.

Пятро Глебка пайшоў з жыцця 18 снежня 1969 года. Пахаваны на Усходніх могілках. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носіць адна з вуліц Мінска і Літвянская школа ва Уздзенскім раёне.

Фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры на сённяшні дзень налічваюць звыш 240 прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю Пятра Фёдаравіча Глебкі. Асноўную частку складаюць фотадакументы, якія паступілі ў фонды з асабістых архіваў С.І. Грахоўскага, Н.С. Гілевіча, А. Звонака, І.С. Курбекі, М.К. Хайноўскай і інш. У 2014 годзе ўнучка народнага пісьменніка Міхася Лынькова, доктар філалагічных навук прафесар Белдзяржуніверсітэта Ірына Энгелеўна Ратнікава, перадала музею фатаграфіі. Зараз фонды нашага музея налічваюць каля 50 кніг П. Глебкі. Асаблівай каштоўнасцю ў складзе пісьменніцкага архіву вылучаюцца кнігі з аўтографам Пятра Глебкі Васілю Вітку, Пімену Панчанку, Кандрату Крапіве, Марыi Хайноўскай і інш.

Мастацкія працы прадстаўлены двума экслібрысамі, якія зрабіў беларускі мастак-графік Анатоль Мiкалаевiч Тычына. У аснове кампазіцыі кніжнага знака – кнігі, папяровы скрутак, пісьмовыя прылады ў вазачцы з нацыянальным арнаментам. Гуслі – таксама традыцыйная метафара (вялікіх паэтаў у Беларусі здаўна прынята называць песнярамі). Залітая сонечнымі прамянямі ралля – знак таго, што ў родную зямлю ўрастае каранямі творчасць П. Глебкі. У нашых фондах таксама захоўваюцца рэчы побыту, друкаваныя выданні, дакументы, газеты і часопісы, у тым ліку і тыя, дзе друкаваўся П. Глебка.

Чыстая, шчырая любоў да Радзімы натхняла Пятра Глебку на творчую працу. Яго паэзія простая, сціплая і мужная, яна выклікае сапраўднае хваляванне, бо ідзе з сэрца, таму мае магутную сілу і так доўга застаецца яркай старонкай у беларускай літаратуры.

Матэрыял падрыхтавала Балашова Наталля,
загадчык сектара ўліку фондаў аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu