Віртуальная выстава да 70-годдзя атрымання Петрусём Броўкам звання члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР
Сям’я Бровак шчыльна звязана з галоўнай навуковай арганізацыяй нашай краіны – Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. У свой час там працавалі сам Пётр Усцінавіч, яго жонка Алена Міхайлаўна і сын Юрый Пятровіч.
У 1928 годзе адбылася рэарганізацыя Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. Станаўленне нацыянальнай акадэміі ў БССР адрознівалася ад іншых рэспублік СССР. Звычайна рэспубліканскія акадэміі ствараліся на базе Акадэміі навук СССР. Беларуская ж акадэмія ўзнікла на аснове самастойнага нацыянальнага інстытута і камплектавалася ў асноўным мясцовымі кадрамі. У ходзе рэформы 1936 г. установа была перайменавана ў Акадэмію навук Беларускай ССР.
Алена Міхайлаўна Броўка ў перадваенны перыяд працавала малодшым навуковым супрацоўнікам інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларускай ССР. Юрый Пятровіч Броўка вучыўся адзін год у аспірантуры Аддзела прававых навук Акадэміі навук БССР, да чарговай рэарганізацыі 1963 года.
Пётр Усціновіч Броўка 8 студзеня 1953 г. быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Яго абранне было выклікана крызісам Акадэміі, якая моцна пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны. М.Токараў у сваёй кнізе “Акадэмія навук Беларускай ССР” адзначаў: “Сур’ёзнай праблемай у дзейнасці АН БССР з’яўлялася тое, што даволі значная частка яе сапраўдных членаў і членаў-карэспандэнтаў не прымалі актыўнага ўдзелу ў працы аддзяленняў. Многія з іх пражывалі ў Маскве, Ленінградзе, іншых гарадах краіны і ў акадэміі бывалі рэдка. Як адзначалася ў запісцы АН СССР, складзенай у чэрвені 1953 г., не вялі навукова-даследчую працу па планах АН БССР шэраг акадэмікаў. Частка акадэмікаў не мелі вучонай ступені доктара навук”. Трэба адзначыць, што П.Броўка таксама не меў навуковую ступень, і ў фондах музея не захоўваецца дакументальных матэрыялаў, звязанаых з яго навуковай дзейнасцю дадзеннага перыяду.
Актыўная навуковая дзейнасць П.Броўкі пачалася з 1966 года, калі ён быў вызначаны на пасаду галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР па аддзяленню грамадскіх навук. Значная старонка жыцця П.Броўкі звязана менавіта з арганізацыяй выдавецтва першай у Беларусі энцыклапедыі. На працягу ўсёй сваёй працы ў рэдакцыі ён унікаў ва ўсе дэталі, уважліва чытаў макеты, вёрстку.
Захавалася шмат афіцыйных і неафіцыйных лістоў Петруся Броўкі да галоўных кіраўнікоў рэспублікі, у якіх разглядаецца безліч праблем і шляхі іх вырашэння – ад агульнай колькасці тамоў, аб’ёма кожнага з іх да звычайных гаспадарчых пытанняў рэдакцыі. П.Броўка сфарміраваў групу кваліфікаваных супрацоўнікаў рэдакцыі, якія працягнулі справу пасля яго смерці.
З 1969 па 1975 год рэдакцыяй энцыклапедыі было выпушчана 12 тамоў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У 1976 годзе калектыў Галоўнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР у галіне навукі. Ён заклаў трывалую аснову нацыянальнай энцыклапедычнай справы ў Беларусі, без чаго сённяшнюю культуру немагчыма ўявіць.
Дзясяткі, сотні фундаментальных тамоў – універсальных, рэгіянальных, галіновых, імянных, і бібліяграфічных энцыклапедый, слоўнікаў, іншай даведачнай літаратуры, дзе сістэматызавалася аб’ёмная інфармацыя па ўсіх накірунках ведаў – гэта той духоўны і навуковы скарб беларускага народу, які можа жывіць нацыянальны дух не аднаго пакалення.