Віртуальная выстава да 130-годдзя Максіма Гарэцкага
Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці,
маладосці для адраджэння Бацькаўшчыны?
Гэтыя патрыятычныя словы належаць беларускаму пісьменніку, літаратуразнаўцу, перакладчыку, фалькларысту, дзеячу беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя – Гарэцкаму Максіму Іванавічу. 18 лютага 2023 года адзначаецца 130-годдзе з дня яго нараджэння.
Будучы пісьменнік нарадзіўся ў 1893 г. ў сяле Малая Багацькаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Першую навуку атрымаў у школе граматы ў в. Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павета ў царкоўна-прыходскай школе. Ужо ў той час Максім пачаў цікавіцца беларускай літаратурай і карыстаўся беларускай мовай.
У 1913 г. скончыў Горацкае землямерна-агранамічнае вучылішча, працаваў чарцёжнікам і каморнікам у Віленскай губерні. У пачатку Першай сусветнай вайны Максім Гарэцкі пайшоў добраахвотнікам у войска, браў удзел у баях, быў цяжка паранены. У 1916 г. паступіў у Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. Атрымаўшы званне прапаршчыка, быў адпраўлены на фронт. Неўзабаве па хваробе яго звольнілі з войска.
Аўтарству Гарэцкага належыць “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік”, выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданні, апошняе пад назвай “Беларуска-расійскі слоўнічак” выйшла ў 1925 годзе.
Лёс таленавітага пісьменніка звёў з не менш таленавітай жанчынай – Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай. Яна працавала настаўніцай у І Віленскай беларускай гімназіі, перакладала творы, займалася пісьменніцкай дзейнасцю.
У 1919 г. Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская ажаніліся, і ў іх нарадзілася двое дзяцей: дачка Галіна і сын Леанід. На жаль, хлопец загінуў y няпoўныx 22 гaды нa фpoнцe. Гэта адбылося 18 лютaгa 1944 г. – y дзeнь нapaджэння бaцькi.
Пасля анэксіі Польшчай Віленскага краю Максім Іванавіч выкладаў беларускую мову на настаўніцкіх курсах у беларускай гімназіі ў Вільні, быў рэдактарам беларускіх газет “Наша думка” і “Беларускія ведамасці”.
У канцы кастрычніка 1923 года сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск. Пісьменнік выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляўся членам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры). У гэты перыяд займаўся вывучэннем найноўшай беларускай літаратуры.
Трыццатыя гады мінулага стагоддзя былі цяжкімі ў гісторыі беларускай культуры. Пад палітычныя рэпрэсіі трапілі многія дзеячы культуры, Максім Гарэцкі быў не выключэннем. Яшчэ ў 1929 годзе творчасць пісьменніка падвергнулася крытыцы, а 19 ліпеня 1930 года Максім Гарэцкі быў арыштаваны па абвінавачванні ў датычнасці да міфічнага “Саюза вызвалення Беларусі” і неўзабаве быў сасланы на 5 гадоў у Кіраў (Вятку), дзе з вялікай цяжкасцю ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам.
Нават у гэты цяжкі час пісьменнік не адмовіўся ад актыўнай творчай працы: працаваў над сваімі ранейшымі творамі, пісаў новыя пра рэальнасць 30-х гадоў. Пасля адбыцця тэрміна выкладаў рускую літаратуру і мову ў пасёлку Пясочня Смаленскай вобласці (цяпер Кіраў Калужскай вобласці).
4 лістапада 1937 года быў паўторна арыштаваны НКВД. Сям’я атрымала апавяшчэнне, што Максім Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 года ў Комі АССР. Аднак, Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 года ў Вязьме. Рэабілітаваны пісьменнік быў толькі 15 лістапада 1957 г.
На сённяшні дзень у фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры знаходзяцца матэрыялы, звязаныя з асабістым жыццём і творчай дзейнасцю Максіма Гарэцкага. Іх налічваецца звыш за 100 адзінак. Да ўнікальных прадметаў адносіцца саматканы пояс і фартух, зробленыя Гарэцкай Ефрасiнняй Мiхайлаўнай, маці Максіма Гарэцкага.
Фонды нашага музея папаўняліся дзякуючы Гарэцкай Галіне Максімаўне, дачцэ пісьменніка, якая ў 1990 годзе перадала музею сямейныя фатаграфіі.
У 2009 годзе пляменнік, Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч, падараваў разнастайныя друкаваныя выданні.
Дзякуючы актыўнай дзейнасці Хайноўскай Марыі Канстанцінаўны, былой загадчыцы бібліятэкі Саюза пiсьменнiкаў, у 1990-я гады асабісты фонд М.Гарэцкага папоўніўся кнігамі і фатаграфіямі.
Разам з тым, кніжны фонд папоўнілі Мікола Чарняўскі, Дзяржаўная бібліятэка СССР. Некаторыя кнігі былі закуплены ў букіністычных крамах або ў фізічных асоб.
Вялікая частка рэдкіх і цікавых прадметаў паступіла ў фонды музея дзякуючы супрацоўніцтву з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. Пачынаючы з 1993 года нашы калекцыі папоўніліся друкаванымі выданнямі, фотадакументамі, рэчамі побыту.
Дачка Алеся Адамовіча, Шувагіна-Адамовіч Наталля Аляксандраўна падаравала музею ў 2007 годзе лісты і паштоўкі з архіва бацькі, якія былі адрасаваны Гарэцкай Галіне Максімаўне.
Знакаміты беларускі мастак Драчоў Пётр Мікалаевіч напісаў партрэт Максіма Гарэцкага, які зараз знаходзіцца ў нашых калекцыях.
Штогод у сценах нашага музея праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гарэцкія чытанні”, у якой удзельнічаюць літаратуразнаўцы, гісторыкі, беларускія пісьменнікі. Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі выдаюцца зборнікі матэрыялаў, якія прысвечаны жыццю і творчасці выдатных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя братоў Гарэцкіх. У якасці ўшанавання памяці Максіма Гарэцкага названы вуліцы беларускіх гарадоў, у яго гонар усталяваны мемарыяльныя дошкі, а ў Мінску існуе помнік знакамітаму пісьменніку.
Матэрыял падрыхтавала Башкірава Алена,
малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў