Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Ілья Гурскі. Чалавек справядлівай дабраты”
Віртуальная выстава да 125-годдзя з дня нараджэння Ільі Гурскага

Ілья Данілавіч Гурскі (26 красавіка 1899, в. Замосце, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць – 11 жніўня 1972) – беларускі пісьменнік, драматург, Заслужаны дзеяч культуры БССР. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Магілянскую народную школу, але далей сродкаў вучыцца не было. У 1914 годзе ў пошуках працы накіраваўся ў Петраград. Батрачыў у маёнтку непадалёк ад станцыі Любань Мікалаеўскай чыгункі (Наўгародская губерня). У 1915-1916 гг. працаваў падсобным рабочым на пякарні ў Петраградзе, потым качагарам на паравозе (Абухаўскі сталеліцейны завод). 

У 1917 г. удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе. У 1919 г. уступіў ў партыю бальшавікоў і паводле партыйнай мабілізацыі трапіў у Чырвоную Армію. Ваяваў на Паўднёвым фронце ў час грамадзянскай вайны ў Расіі, пазней удзельнік польска-савецкай вайны. Быў паранены пад Растовам-на-Доне.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь. З 1924 г. працаваў у Галоўліце, Галоўрэперткаме, Галоўмастацтве БССР. Уваходзіў у Рэспубліканскую камісію па праверцы ўцалелых прыватных бібліятэк, гімназій і іншых навучальных устаноў. У сакавіку 1927 г. стаў загадчыкам Галоўліта БССР, на гэтай пасадзе адказваў за цэнзуру ў беларускай літаратуры. У 1932 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1935 г. – аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук. У 1935-1941 гг. з’яўляўся рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”.

Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года, адказны сакратар газеты “Беларуская звязда” (органа Палітычнага ўпраўлення Заходняга фронту).

З 22 чэрвеня 1941 года па лістапад 1942 года служыў у Чырвонай Арміі. Затым разам з групай беларускіх пісьменнікаў быў дэмабілізаваны. У часы Вялікай Айчыннай вайны І.Гурскі быў адказным сакратаром франтавой газеты “За Савецкую Беларусь” (друкаваўся пад псеўданімам Лявон Бушма), рэдактарам газеты “За свабодную Беларусь” і сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”. “Партызанская дубінка” – уяўляла сабой газету-лістоўку, якую закідвалі ў тыл ворага, і праіснавала яна да 1943 г. Ілья Гурскі сам нямала пісаў для свайго баявога выдання. 

Пасля вайны, з 1944 па 1960 год узначальваў часопіс “Беларусь”.

Быў членам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1934), на працягу многіх гадоў быў членам прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР.

У пачатку творчай дзейнасці Ілья Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы. Аўтар п’ес “Дрыгва” (1928), “Качагары” (1930), “Новы горад” (1932), “Маці” (1934), “Патрыёты” (1939), “Хлеб” (1949), “Свае людзі” (1950) і інш. Напісаў п’есу для дзяцей “Сварка” (1929), радыёп’есу “На крэсах усходніх” (1933), аднаактовыя п’есы “На варце” (1938) і “Клад” (1941). Многія з твораў аўтара былі пастаўлены аматарскімі драматычнымі гурткамі.

Апавяданні Гурскі пачаў пісаць з 1934 года. Для іх, як і для п’ес аўтара, характэрна актуальная для таго часу тэматыка: індустрыялізацыя і калектывізацыя, калгаснае жыццё. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць.

У 1951 годзе выйшлі “Выбраныя творы” Ільі Гурскага. Аўтар кніг апавяданняў “Над Нёманам” (1945), “На родных гонях” (1948), “Зары насустрач” (1949), “Неспакойныя характары” (1955), “У вялікай дарозе” (1958), “Родная дарога” (1961), аповесці “Лясныя салдаты” (1945). Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка – барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтаму прысвечаны многія творы, у тым ліку аповесць “Лясныя салдаты” і раман “У агні” (1952). Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы “Вецер веку” (1966, складаецца з чатырох кніг). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі. У 1942 г. за праяўленыя на фронце гераізм і высокія прафесійныя якасці камісар батальёна І.Гурскі быў адзначаны баявой узнагародай – ордэнам Чырвонай Зоркі. Імем Ільі Гурскага названа вуліца ў Мінску, на будынку, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імем названа Нёманская сярэдняя школа (в. Магільна, Уздзенскі раён).  

Пачатак фарміравання архіва пісьменніка ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паклала жонка І.Гурскага, Марыя Якаўлеўна, якая ў 1989 г. перадала фатаграфіі пісьменніка. Пасля асабісты фонд пісьменніка папоўніўся дакументамі, газетамі, часопісамі, кнігамі і кнігамі з аўтографамі І.Гурскага В.Вітку, У.Карпаву, А.Астрэйку і сёння налічвае 70 адз. захоўвання.

Матэрыял падрыхтавала Ірына Скок,
загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu