Віртуальная выстава да 105-годдзя з дня нараджэння Алеся Бачылы
“Хто не ведае гэтай цудоўнай песні. Яна стала любімай ў прафесійных спевакоў, і ў народных хорах, і за бяседным святочным сталом. Доўгі час была пазыўнымі Беларускага радыё. Надзіва ўдала спалучыліся простыя, сардэчныя словы паэта з мілагучнай, задушэўнай музыкай, зліліся ў цнатліва ясных, крынічна празрыстых пачуццях сыноўняй любві да роднай зямлі з высокай гордасцю за ўсю вялікую радзіму”. “Алесь Бачыла як паэт, мае адметную візитную картку і свой творчы пашпарт, стала прапісаны ў беларускай літаратуры”. Так пра А.Бачылу пісаў Васіль Вітка ў сваім артыкуле “Песеннае сэрца паэта” (1978 г.).
Алесь Мікалаевіч Бачыла нарадзіўся 2 сакавіка 1918 года ў в. Лешніца, цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі бачылі прагу да навукі, таму вырашылі адправіць хлопца вучыцца ў Мінск. У 1934 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаць пачаў ужо ў 16 год, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах на Міншчыне. Завочна скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут (1939 г.). Пасля яго заканчэння прызваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў да 1945 г. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім, Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Працаваў старшым пісарам, намеснікам палітрука, сакратаром ваенкамата штаба, літаратурным супрацоўнікам газеты “В бой за Родину”. Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», потым у газеце «Літаратура і мастацтва» – загадчыкам аддзела, адказным сакратаром (1946-1951), намеснікам галоўнага рэдактара (1952-1957). У 1951-1952 гг. – уласны карэспандэнт «Литературной газеты», рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957-1972 гг. – адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1972-1978 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1967).
Першы верш надрукаваў у 1934 г. у газеце «Чырвоная змена». Пасля выйшлі кніжкі паэзіі «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Калючая ружа» (1962), «Асенняя аповесць» (паэма, 1965), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Снежная балада» (выбранае, 1968), «Тры багіні» (1973), «Вершы» (1974), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і зборнік гумарыстычных вершаў «Кавалер Мікіта» (1967), кніжка вершаў для дзяцей «Мне купілі самакат» (1981). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986-1987 гг. – Збор твораў у З тамах. Аўтар нарыса пра жыццёвы шлях М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971), кнігі «Крыло неспакою». Значны ўклад А.Бачыла зрабіў у музыкальную культуру краіны. Ён аўтар лібрэта опер «Яснае світанне», «Вернасць, «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» і лібрэта аперэты «Паўлінка». Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік «Я сэрцам з табою» (1988). Памяць франтавых дарог, сумленная праца савецкіх людзей, пацуццё грамадзянскага абавязку перад народам і Радзімай, патрыятызм, малюнкі роднай прыроды сталі асноўным зместам паэзіі А.Бачылы.
Не стала паэта 03.01.1983 г., аднак памяць аб ім захоўваюць не толькі старонкі яго кніг, але і вуліцы г. Мінска, г.Мар’інай Горкі, аг. Міханавічы, названыя ў гонар Алеся Бачылы.
Фонды нашага музея налічваюць 60 кніг А.Бачылы, 50 з іх – з аўтографамі аўтара беларускім пісьменнікам. На жаль, асабісты архіў паэта не захоўваецца ў нашых фондах, аднак шмат прадметаў, звязаных з А.Бачылам, паступіла да нас з архіваў нашых вядомых паэтаў і празаікаў – М.Танка, П.Панчанкі, В.Віткі, М.Хайноўскай і інш. Так, прадстаўлены членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, запрашэнні на юбілейныя вечары А.Бачылы, рукапісныя творы, прысвечаныя жыццю і творчасці А.Бачылы, а таксама фатаграфіі паэта і іншыя матэрыялы.
Матэрыял падрыхтавала Ірына Скок,
загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў