«Гурток складаўся з 25-30 асоб. Тут былі і жанчыны з дзецьмі на руках і на карку, і падлеткі, і мужчыны рознага ўзросту, у тым ліку адзін стары. У руках яны нічога не мелі, нічога не неслі. Яны жылі яшчэ таксама, як усе іншыя жывёлы: вандравалі з месца на месца, шукаючы корму. Адны выграбалі рукамі нейкія карэнні, другія шукалі на дрэвах плады, трэція стараліся злавіць і знайсьці што-небудзь жывое: чарвяка, жука і гэтак далей. Нялёгка было напасвіцца такім чынам. Шмат часу трацілася на гэты падвячорак. І ніводным словам яны яшчэ не перакінуліся паміж сабой.
Пасля адзін за адным пачалі збірацца на палянку, каб адпачыць. Усеўшыся на карачкі, яны моўчкі глядзелі наперад і, здаецца, ні на што не зварачалі ўвагі. Ціха было каля іх. Толькі дзеці, гуляючы, часам узвізгвалі. Ад дарослых жа не чуваць было аніводнага слова.
Можа, яны нямыя?
Не, не нямыя яны, а проста не ўмеюць яшчэ гаварыць».
Янка Маўр «Чалавек ідзе».
Янка Маўр (Фёдараў Іван Міхайлавіч) – адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў.
Нарадзіўся 10.05.1883 г. у г. Лібава (цяпер г. Ліепая, Літва) у сям’і сталяра. Дзяцінства правёў на радзіме маці – у в.Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Літва). Скончыў пачатковае, затым рамеснае вучылішча ў Коўне (цяпер Каўнас, Літва). У 1899 г. паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 г. здаў экстэрнам экзамен і атрымаў званне настаўніка пачатковай школы. Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Літва), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. удзельнічаў у нелегальным з’ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 г. удалося ўладкавацца выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у БДВ. З 1930 г. быў на творчай працы. Член СП СССР з 1934 г. Узнагародажаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968). У 1923 г. у газеце “Савецкая Беларусь” і ленінградскім часопісе “Бегемот” друкаваў фельетоны. З першым апавяданнем выступіў у друку ў 1926 г. (часопіс “Беларускі піянер”). Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў “Чалавек ідзе” (1927), “У краіне райскай птушкі” (1928, 1983), “Сын вады” (1928), “Палескія рабінзоны” (1930), “Слёзы Тубі” (1930), “Аповесць будучых дзён” (1932), “ТВТ” (1934), “Вакол свету” (1947), “Шлях з цемры” (1948), “Апавяданні” (1951), “Аповесці і апавяданні” (выбранае, 1954), “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (часопіс “Маладосць”, 1954-1955), “Аповесці і апавяданні” (1969), апавядання “Цётка Эмілія” (1954), байкі “Пекла” (1929), рамана “Амок” (1930). У 1952 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1960 г. – Збор твораў у 2-х тамах, у 1975-1976 гг. – у 4-х тамах. Аўтар п’есы “Памылка” (апублікавана і пастаўлена ў 1940), аднаактовак “Хата з краю” (1941), “Балбатун” (1946). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.-К.Андэрсана, Д.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава, Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, А.Гайдара, В.Шклоўскага, А.Конанава. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна, 1972) за аповесці “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Шлях з цемры”, раман “Амок”.
Памёр 03.08.1971.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца каля 200 музейных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Маўра. Першыя прадметы, прынятыя на пастаяннае захоўванне, былі перададзены сынам Янкі Маўра Фёдаравым Фёдарам Іванавічам у 1987 г. Сярод матэрыялаў: асабістыя рэчы пісьменніка, фатаграфіі, дакументы, кнігі. Пазней нашчадкамі пісьменніка ў фонды музея было перададзена яшчэ каля 100 прадметаў, якія папоўнілі музейныя калекцыі “Рэчы побыту”, “Фотадакументы”, “Рукапісы” і “Часопісы”.
Асаблівай каштоўнасцю ў складзе пісьменніцкага архіва вылучаюцца прыжыццёвыя выданні кніг 1920-х гг., 1930-х гг., 1940-х гг.:
Кнігі з аўтографамі Янкі Маўра М.К.Хайноўскай, Плешчаніцкай школе-інтэрнату і інш.:
Кнігі з дароўнымі надпісамі Янку Маўру ад Э.Агняцвет, М.Гамолкі, С.Грахоўскага і інш.:
Фотадакументы:
Фотадакументы з аўтографамі: Янку Маўру ад Наталлі Чуркінай, дзяўчынкі, якую ён выратаваў, калі яна танула ў моры, і інш.:
Рукапісы апавяданняў “Цётка Эмiлiя”, “”Шчаслiўцы”, “Віцяў экспанат”, “Дзве праўды”, “Драўляная лыжка”, казкі “Сярод дзікуноў”, аповесцей “Фантамабiль”, “Шлях з цемры” і інш.:
Асабістыя рэчы: пояс, кашуля, ручка, акуляры, партфель, кій і інш.
Мастацкія творы:
Творы Янкі Маўра шырока вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі. Дзіўны свет яго кніг, дзякуючы сваім цікавым, неардынарным, нечаканым развіццём сюжэта, пранікае, захапляе, узбагачае творчую фантазію чытача. Творы Янкі Маўра – сапраўдны набытак беларускай літаратуры.
С.Л.Чарнова, галоўны захавальнік фондаў