Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная экспазіцыя да 90-годдзя з дня нараджэння Анатоля Дзялендзіка

Анатоль Андрэевіч Дзялендзік, беларускі драматург, сцэнарыст, празаік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, нарадзіўcя 4 сакавіка 1934 г. у в. Кулакі, Салігорскага раёна, Мінскай вобласці ў сям’і служачага. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан, разведчык, пазней ад’ютант генерала В. Казлова. Летам 1943 г., пасля расстрэла немцамі дзеда і дзядзькі за сувязь з партызанамі, Анатоль з маці пайшлі ў партызанскі атрад.

“У 1943 годзе я быў ад’ютантам Васіля Іванавіча Казлова, камандзіра злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці. Мне тады было ўсяго 10 год. Спаў у адным будане з камандзірамі, меў свой “Вальтэр”. Выконваў розныя даручэнні, чытаў параненым газеты ў шпіталі – да вайны скончыў першы клас…”, – так пра ваенныя гады ўзгадваў А.Дзялендзік.

У 1957 г. скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Працаваў урачом Рэспубліканскай псіханеўралагічнай бальніцы ў Мінску (1957-1968 гг.). У 1963-1969 г. пісьменнік вучыўся на завочным адзяленні Літаратурнага інстытута імя М.Горкага ў Маскве. А.Дзялендзік ўспамінае, што “пакуль вучыўся на ўрача, пакуль практыкаваў, мае цяперашнія калегі на журфаку і філфаку спасцігалі мову і гісторыю. Таму ўрэшце я вырашыў паступіць у Літінстытут імя М.Горкага ў Маскве – адчуваў, што не хапае ведаў…”. Пасля сямнаццаць гадоў працаваў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі “Беларусьфільм”.

Дэбютаваў у друку ў 1955 г. у газеце “Сталінская моладзь”, а ў 1963 г. выйшла яго першая кніга — зборнік гумарэсак “Пагібель Тытаніка”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1965 г., Саюза тэатральных дзеячоў з 1966 г., Саюза кінематаграфістаў з 1974 г.

Анатоль Дзялендзік – аўтар драм “Выклік багам” (“Чатыры крыжы на сонцы”, пастаўлена ў 1965), “Грешная любовь” (пастаўлена ў 1967), “Начное дзяжурства” (пастаўлена ў 1970), “Последняя земляника в августе” (пастаўлена ў 1975), “Гаспадар” (пастаўлена ў 1985), камедый “Амазонки” (пастаўлена ў 1972), «Аперацыя “Мнагажэнец”» (пастаўлена ў 1974), “Аукцыён” (пастаўлена ў 1988), “Гіпапатам” (пастаўлена ў 1981). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў “Познай себя” (пастаўлены ў 1972), “Голубой карбункул” (пастаўлены ў 1979) і мастацкіх фільмаў “Заўтра будзе позна” (пастаўлены ў 1973), “Неудобный человек” (пастаўлены ў 1985). Напісаў таксама шэраг радыёп’ес (“Шаўковыя травы”, “Даўгавечнік”, “Дыягназ” і інш.). У 1981 г. выйшаў зборнік камедый «Аперацыя “Мнагажэнец”», у 1985 — “П’есы”. Пісаў на рускай і беларускай мовах.

Ужо ў камедыі “Гіпапатам” А. Дзялендзіка адчуваецца істотны паварот да ўмоўнасці, скарыстання сродкаў абсурду. Яго п’еса “Султан Брунея” (пастаўлена ў 1998) паводле сваіх стылёвых прыкмет цалкам належыць да “камедыі абсурду”. Твор прысвечаны рэаліям “пасляперабудовачнага” часу. Аўтар паказвае сацыяльныя кантрасты жыцця, супярэчнасці побыту. Мяккі гумар, віртуознасць, непрадказальнасць сюжэтных хадоў, гратэскавасць, іранічнасць, парадаксальнасць у п’есах сведчаць пра майстэрства драматурга-камедыёграфа.

Па сцэнарыях А.Дзялендзіка пастаўлена 26 п’ес (“Выклік багам” ішла больш як у 100 тэатрах), знята 6 мастацкіх фільмаў. Сумесна з Чэхаславакіяй фільм “Заўтра будзе позна” аб нацыянальным героі Славакіі Яне Налепку атрымаў прэмію на міжнародным кінафестывалі ў г. Пльзень за лепшы сцэнарый. Тэлефільм “Пазнай сябе” атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Варне. Па матывах жыцця двойчы Героя сацыялістычнай працы Ул.Бядулі на кінастудыі “Масфільм” зняты фільм “Нязручны чалавек”. “Ваўкі ў зоне” (1990 г.) стаў першым мастацкім фільмам, прысвечаным чарнобыльскай катастрофе. Гістарычная карціна “Анастасія Слуцкая” (2003 г.) атрымала 17 прызоў на міжнародных кінафестывалях (у тым ліку ў ЗША і Кітаі) і стала адной з візітовак сучаснага беларускага кінамастацтва.

За свае заслугі Анатоль Дзялендзік быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Анатоль Дзялендзік – яскравы беларускі драматург, ён дакладна і чула адчуваў менталітэт і філасофію, актуальныя праблемы і радасці жыцця свайго народа, які аддзячыў пісьменніку сваёй шчырай любоўю.

Фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюць творчую спадчыну А.Дзялендзіка: кнігі і кнігі з аўтографамі, рукапісы драматычных твораў, лісты, афішы, а таксама аксесуары і прадметы побыту. Усяго 140 адзінак захоўвання. Гэтыя прадметы былі перададзены самім пісьменнікам у 2012 г., а пасля яго смерці ў 2019 г. сын пісьменніка, Андрэй Анатольевіч, перадаў архіў бацькі ў наш музей.

Матэрыял падрыхтавала Ірына Скок,
загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu