Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.
Кожны беларус з маленства ведае казкі “Вавёрчына гора”, “Казка пра цара Зубра”, “Азбука Васі Вясёлкіна”, а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса “Вясёлка”. “Як звязаныя гэтыя рэчы?” – запытаецеся Вы. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.
Васіль Вітка (1911-1996) – пісьменнік шматграннага таленту. Праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік.
Экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прадставіла творчую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі “Вясёлка”. Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам “Вясёлкі” ад заснавання часопіса ў 1957 годзе да 1974 года.