Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Прадстаўнікам беларускай дыяспары і беларускім пісьменнікам               

за мяжой

 

ЗБІРАЕМ ГІСТОРЫЮ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ РАЗАМ

Паважаныя землякі,

Дарагія, сябры!

 

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры — адзін з найбуйнейшых літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь, які займаецца пытаннямі вывучэння, захавання і папулярызацыі літаратурнай спадчыны беларускага народа ў краіне і за мяжой, адзіны літаратурны музей, які ажыццяўляе дакументаванне літаратурнага працэсу ў Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце, ад часоў узнікнення пісьменства да сённяшніх дзён.

У сферы дзейнасці музея знаходзіцца пошук, вывучэнне і захаванне літаратурнай спадчыны, прадметаў і звестак, звязаных з жыццём і літаратурнай творчасцю беларускіх пісьменнікаў: публікацыі, дакументы, асабістыя рэчы, перапіска, фота-, кіна-, аўдыёматэрыялы, г.д.

Беларуская дыяспара – неад’емная частка беларускага народа. Яна шырока прадстаўлена па ўсім свеце і мае багаты гісторыка-культурны здабытак, які паўплываў на фарміраванне сусветнай культурнай спадчыны і культурнай спадчыны асобных краін, што з’яўляецца прадметам гонару Беларусі.

Даследаванне і прапаганда культурнай і літаратурнай спадчыны беларускага замежжа фіксуюць факт гістарычнай прысутнасці беларусаў і іх значнай ролі ў сацыяльна-культурным жыцці краін іх пражывання.

Запрашаем прыняць удзел у стварэнні ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры музейнай экспазіцыі, прысвечанай літаратурнай спадчыне беларускага замежжа. Звяртаемся да арганізацый і прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой за садзейнічаннем у перадачы музею матэрыялаў, якія тычацца старонак гісторыі беларускай літаратуры і знаходзяцца ў краінах цяперашняга пражывання беларускіх суайчыннікаў.

Будзем удзячныя сучасным беларускім пісьменнікам і іх сваякам, якія пражываюць (пражывалі) за межамі Беларусі, за перадачу музею асобнікаў выдадзеных кніг, аўтабіяграфічнай інфармацыі і іншых матэрыялаў, якія фарміруюць карту літаратурнай спадчыны беларусаў за мяжой.

Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы МЗС і дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” і падпраграмы “Беларусы ў свеце” на 2016-2020 гады.

Праект паслужыць справе ўмацавання канструктыўнага ўзаемадзеяння беларускай дзяржавы з беларускімі суайчыннікамі за мяжой і прапагандзе багатай духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі як яднаючай асновы беларускай нацыі.

Нам ёсць кім і чым ганарыцца! Чакаем Вашых прапаноў і садзейнічання ў фарміраванні музейнай экспазіцыі, прысвечанай літаратурнай спадчыне беларускага замежжа. ЗБІРАЕМ ГІСТОРЫЮ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ РАЗАМ.

 

Нашы кантакты:

Адрас: 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Тэл./факс: + 375 (17) 334-72-61.

сайт http://bellitmuseum.by

E-mail: bellitmuseum@tut.by

Фэйсбук https://www.facebook.com/bellitmuseum

 

З павагай,

Міхаіл Рыбакоў,
дырэктар Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры

Апошнія навіны