Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Талент, які многа абяцаў…

Яўген Лецка

 

Лукаш Калюга (Канстанцін Пятровіч Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года ў сялянскай сям’і (1).

Восенню 1911 г., у дваццаць шэсць гадоў, памерла маці Кастуся Вольга Вашына, але сірочая доля абмінула хлопца: “За маці стала бацькава сястра (Марыя Мікалаеўна Вашына) незамужняя, якая ўзялася даглядаць малое. А калі памёр i бацька (у 1924 г.) дык у прымы да цёткі прыстаў брат Кастусёвай памерлай маці, Уладзімір Івашын”.

Маленства будучага празаіка прайшло ў вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета, цяперашняга Дзяржынскага раёна. Менавіта тут пісьменнік сфарміраваўся як асоба, убачыў прататыпаў сваіх будучых персанажаў. Радасць у маленькага Кастуся выклікала далучанасць да клопатаў дарослых у вёсцы – вучыцца касіць, вазіць з бацькам снапы з поля і інш. Гэта была вялікая школа жыцця, якую Кастусь спазнаў і паклаў у аснову сваёй творчасці.

Калі хлопчыку споўнілася 7 гадоў, бацька павёў яго вучыцца ў Дабрынёўскую пачатковую школу, дзе настаўнік быў вельмі здзіўлены ўзроўнем ведаў Кастуся. Аднак падчас польскай і нямецкай акупацыі ніводная школа ў акрузе не працавала. Зноў вучыцца Кастусь пачаў толькі ў 1921 г. у пару так званай “беларусізацыі” ў Койданаўскай (потым Станькаўскай) беларускай школе-сямігодцы.

У апошніх класах школы Кастусь пачаў захапляцца вельмі пашыранай тады краязнаўчай працай: запісваў народныя песні і іншыя фальклорныя творы сваёй мясцовасці, і асабліва — словы і звароты народнай мовы. Назбіраныя матэрыялы адсылаў у Інстытут беларускай культуры (папярэднік Беларускай Акадэміі навук) у Мінск, дзе яны атрымліваюць высокую ацэнку як лепшыя з прысыланых у Інстытут матэрыялаў, як у адносінах зместу і мовы, так і з боку дакладнасці і акуратнасці запісу.

Пасля вучобы ў Станькаўскай сямігодцы Кастусь Вашына паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум у Мінску і паспяхова закончыў яго ў 1931 годзе. Выкладалі у гэтым тэхнікуме людзі вядомыя, сярод якіх быў Якуб Колас, Язэп Лёсік і многія іншыя. Тэхнікум быў прасякнуты духам патрыятызму. Усё гэта не магло не паўплываць на далейшае развіццё асобы і таленту Лукаша Калюгі.

Пісаць Л.Калюга пачаў досыць рана. Яго першыя апавяданні былі надрукаваны ў “Чырвоным сейбіце”, калі хлопцу не было яшчэ і васямнаццаці гадоў. У 1926 г. ён даслаў у рэдакцыю “Чырвонага сейбіта” сваё першае апавяданне “Выйшлі на цаліну”, як беззямельныя пачынаюць будавацца на цаліне. У той час рэдагаваў часопіс знакаміты беларускі пісьменнік Кузьма Чорны. Неўзабаве, па прапанове таго ж К.Чорнага, Л.Калюга пераехаў ў Мінск і пачаў працаваць у “Чырвоным сейбіце”.

Ад пачатку 1928 года Лукаш Калюга пачаў друкавацца ўжо ў часопісе “Узвышша”. Там з’яўляецца яго першы вялікі твор – аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, пасля якой пачынаючага пісьменніка прыкмеціў М.Гарэцкі. Экзэмпляр гэтай аповесці знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (2).

Пасля вучобы Калюга два гады працаваў стыльрэдактарам у навукова-даследчым інстытуце прамысловасці ВДНГ і вельмі нядоўга на беларускім радыё.

У пачатку 1930-х гг. Л.Калюга пачаў  пісаць і сваю лепшую аповесць — “Нядолю Заблоцкіх”, якую ўлетку 1931 г. надрукаваў часопіс “Узвышша”. Прачытаўшы “Нядолю…”, ссыльны Адам Бабарэка ў лістах (датаваных 25-26.12.1931 г.) да другога ссыльнага Антона Адамовіча: “Баюся я, браток Антось, каб сапраўды не сталася гэта нядоля (маецца на ўвазе аповесць “Нядоля Заблоцкіх”) нядоляю самога Лукаша”(3).

На апошнім, трэцім курсе вучобы на пашыраным камсамольскім пасяджэнні было пастаўлена пытанне аб выключэнні “ўзвышэнскага лазутчыка” з камсамолу і адпаведна з тэхнікума. Заяву аб звальненні Лукаш напісаў сам. Звольнены з тэхнікума, Л.Калюга павінен быў пакінуць і інтэрнат.

З першага студзеня і недзе да сярэдзіны 1932 г. Л.Калюга працаваў сакратаром часопіса “Книга — массам”, які выдаваўся пры Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

У ноч з 23 на 24 лютага 1933 г. Л.Калюгу арыштоўваюць.

З асабовай справы Л.Калюгі:

“Постановление о предъявлении обвинения и избрании меры пресечения. 1933 г. марта 3 дня, г. Минск. Гражданин Вашина Константин Петрович достаточно изобличается в том, что являясь одним из руководителей к-р нацдемовской организации проводил работу по вербовке членов и насаждении ячеек этой организации как в г. Минске так и в других городах и районах БССР и распространял запрещенную литературу. Привлечь Вашина К.П. в качестве обвиняемого по ст. 72,76,64 УК БССР и содержать под стражей при Комендатуре ПП ГПУ БССР”.

Пакаранне пісьменнік адбываў ў г. Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Дa нac дaйшлo з нявoлi чaтыpы, нa жaль, няcкoнчaныя pэчы – paмaн “Пустадомкі” i тpы aпoвecцi. Бoль, cпaкyтaвaнacць, пpaтэcт cyпpaць icнaгa acaблiвa мoцнa i пacлядoўнa гyчaць y paмaнe «Пycтaдoмкi». Апoшнi ягo aбзaц – гэтa гoлac чaлaвeкa нa pocтaняx пaмiж icным i нaкaнaвaным, кyды ён пa злoй вoлi вымyшaны быў aдыcцi ў cвae няпoўныя тpыццaць гaдoў. “Нoвы – кyды цiкaвeйшы, нeпapaўнaльны cюжэтны пaчынaўcя paмaн. I мecцa дзeяння нeбывaлae – aдвapoтны cвeт. Toлькi пpa гэтa бaдaй штo нiкoлi aд мянe нe бyдзe пpaцягy”.

Пра першыя гады жыцця Л.Калюгі ў ссылцы можна даведацца з яго лістоў да былой аднакурсніцы Ніны Казлоўскай. З ліста ад 3 лютага 1935 г.:

“Сягоньня я уладзіўся на новую працу, але сказалі, але сказалі пачакаць да 18-га – цяпер няма дзе сесьці. З 18-га сесьці будзе дзе і я пачну працаваць (Ты заўважаеш гумарыстычнасць становішча?!)” (4)

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца лісты Л.Калюгі, датаваныя 1935 г., якія прынесла ў музей сама Ніна Іванаўна. Лісты публікуюцца ўпершыню. Яны – сведкі пяшчотных пачуццяў Лукаша Калюгі да сваёй каханай. З ліста ад 19 кастрычніка 1935 г.:

“Мяне вельмі цікавіць адно пытанне: Ты даўно ведаеш мае пачуцці да цябе. Скажы: няўжо ў цябе ніколі ня было хаця-б проста добрага пачуцця да мяне (на каханне я нават не спадзяюся). А калі хоць чуць навад было яго, дык у які гэта час і ў якіх формах? А мне таіцца няма чаго – я прыслухаўся табе, што ты для мяне ёсць. І гэта заўсёды сьцьверджу. Цалую каханую. К.” (5, 6)

6 лістапада 1935 года Лукаш Калюга быў зноў арыштаваны, а 2 кастрычніка 1937 г. – растраляны.

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваеца арыгінал пастановы Вярхоўнага суда РСФСР аб рэабілітацыі Вашыны Кастуся Пятровіча (Лукаша Калюгі) ад 10 лютага 1966 года (7).

Лукаш Калюга, як і большая частка беларускіх пісьменнікаў гэтак званага “першага прызыву” (1917—1937), не дажыў і да трыццаці гадоў. Пісьменнік загінуў ва ўзросце, калі творчая асоба звычайна толькі набірае разгон або пачынае свой шлях.

Апошнія навіны