Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

29 ліпеня ў філіяле “Фальварак Ракуцёўшчына” прайшло традыцыйнае свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета – 2018”.

Паездка Максіма Багдановіча летам 1911 года на Беларусь – у Вільню і Ракуцёўшчыну – адна з яркіх старонак у яго жыццёвай і творчай біяграфіі. Штогод музей збірае прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча: пісьменнікаў, музыкаў, паэтаў і сваіх даўніх сяброў. Падчас экскурсіі ад Мінска да Ракуцёўшчыны госці свята ўзгадалі падрабязнасці з біяграфіі паэта і пазнаёміліся з гісторыяй старавіленскага шляху.

Распачалося знаёмства з наваколлем Ракуцёўшчыны ля памятных камянёў побач з Максімавым садам. Да гасцей свята з прывітальным словам выступілі дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхал Бараноўскі і сваячка Максіма Багдановіча па бацькоўскай лініі Вольга Дашкоўская. На падворку фальварка са святочным караваем сустрэла гацей загадчыца філіяла Анастасія Сярболіна. Экскурсію па экспазіцыі філіяла для ўсіх жадаючых правяла навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Валянціна Кароткіна.

Апоўдні на галоўнай сцэне распачалася канцэртная праграма. Да гасцей свята з прамовамі выступілі нашчадкі Максіма Багдановіча і Луцкевічаў: Максім Бараховіч і Маргарыта Пярова. Святочны настрой стваралі музыкі і паэты: Алесь Камоцкі, Васіль Дранько-Майсюк, Віктар Шніп, Андрэй Мельнікаў, Аляксей Галіч, Святлана Быкава, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Яўген Пясецкі, Алена Басікірская, Аксана Ярашонак-Камінская, Юлія Алейчанка. Асобную музычную праграму прадставілі сольныя выканаўцы ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскгаа раёна” і этнаграфічны ансамбль “Маркаўчанка” Маркаўскага СДК.

Напрацягу свята для гасцей дзейнічалі разнастайныя інтэрактыўныя пляцоўкі і забавы: квэст, батлеечнае прадстаўленне, выставы, аквагрым, гульні і майстар-класы. А у доме гаспадара гасцей чакалі на бард-сядзібніку Алеся Сівохіна, Аляксей Галіч, Ігар Палынскі, Віктар Лупасін, Алесь Камоцкі, Андрэй Мельнікаў.

Чакаем “Ракуцёўскае лета – 2019”!

http://ont.by/news/our_news/festival-rakycyoskae-leta-35-j-raz-sobral-poklonnikov-tvorchestva-maksima-b.

http://www.rh.by/2018/07/29/spyakota-vershy-vasilki-syonnya-u-rakutsyoushchyne-zgadvali-maksima-bagdanovicha-fota/.

Апошнія навіны