Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

18 чэрвеня 2019 года а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя кнігі Міколы Труса “Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс ХХ стагоддзя” .

На аснове багатага фактычнага матэрыялу, сабранага аўтарам у славацкіх і беларускіх архівах (дзяржаўных і прыватных), у манаграфіі ўпершыню панарамна асвятляецца беларуская літаратурная, грамадска-культурная прысутнасць у Чэхаславакіі, Латвіі, Польшчы 1920–1930-х гадоў, а таксама гісторыя яе вывучэння ў другой палове ХХ стагоддзя.

Месцам доўгага захавання многіх каштоўных дакументаў была Браціслава, іх зберагальніцай і незаменным кансультантам для даследчыкаў – Людміла Краскоўская (1904—1999), выпускніца Дзвінскай беларускай гімназіі (Даўгаўпілс, Латвія) і Карлавага ўніверсітэта (Прага), вядомы археолаг, шматгадовы супрацоўнік Славацкага нацыянальнага музея (Браціслава), сяброўка паэта Уладзіміра Жылкі.

Выданне з’яўляецца лагічным працягам, а таксама істотным зместавым напаўненнем “Пражскага эпісталярыя”, “Пражскага архіва” (паняцці ўведзены Уладзімірам Калеснікам), якія прадставілі грамадска-літаратурную сітуацыю 1920-1930-х гадоў у Чэхаславакіі і Заходняй Беларусі на аснове перапіскі студэнтаў Карлавага ўніверсітэта ў Празе.

Людміла Краскоўская ліставалася з прадстаўнікамі розных пакаленняў дзеячаў нацыянальнай інтэлігенцыі, імёны якіх упісаны ў слаўныя і трагічныя старонкі гісторыі маладой Беларусі і Украіны: Антон Луцкевіч, Уладзімір Жылка, Міхась Каберац, Лявон Рыдлеўскі, а таксама Дзмітро Дарашэнка, Аляксандр Алесь, Мікола Бітынскі, Алег Ольжыч, Аксана Лятурынская, Леанід Мосендз і інш.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу розных краін, вядомыя літаратуразнаўцы, гісторыкі.

 

Дата правядзення:  18.06.2019 16.00

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(М. Багдановіча, 13)

Кантактны тэлефон:  (017) 334-56-21

Афиша

Апошнія навіны