Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Прэзентацыя аўдыёкампазіцыі “Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы”

06.12.2018 г. а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца мерапрыемства “Максім Грэцкі. Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы”, прысвечанае 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны і 125-годдзю з дня нараджэння ўдзельніка гэтай вайны пісьменніка Максіма Гарэцкага (18.02.1893 – 10.02.1938).

Асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці – Максім Іванавіч Гарэцкі пакінуў яскравы след ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства, унёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры правёў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага:

* на падставе матэрыялаў з фондаў музея была створана і прадстаўлена наведвальнікам (27.02.2018) перасоўная выстаўка «Максім Гарэцкі: Ахвярую сваім “Я”» (аўтар – вядучы навуковы супрацоўнік Саўген П.М.);

* праведзена навукова-практычная канферэнцыя «ХХVІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”» (19.04.2018);

* з выстаўкай «Максім Гарэцкі: Ахвярую сваім “Я”» музей удзельнічаў у Дні беларускага пісьменства (г. Іванава, 2.09.2018);

* у межах музейнага праекта “Літаратурнае падарожжа” у партнёрстве з бібліятэкай імя Д.Р. Новікава Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі) ажыццёўлена вандроўка гарэцказнаўцаў, літаратараў, музейных супрацоўнікаў на радзіму М. Гарэцкага – у вёску Багацькаўка, і ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію (14.09.2018).

Прэзентацыяй аўдыёкампазіцыі “Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле. Споведзь разняволенай душы” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры завяршае юбілейны год Максіма Гарэцкага. Аўтры аўдыёпраекта – рэжысёр і акцёр Беларускага радыё Алег Вінярскі і журналіст і выдавец Кастусь Антановіч. На дыску сабраны не толькі знакавыя творы Максіма Іванавіча, але і вершы Янкі Купалы, песні Еўфрасінні Гарэцкай (маці пісьменніка) у выкананні гурта “Калыханка”. У выкананні Алега Вінярскага прагучаць урыўкі з аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь”.

На мерапрыемства запрошаны гарэцказнаўцы, літаратары, прыхільнікі творчасці Максіма Гарэцкага.

Уваход вольны.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

(вул. М.Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: 334-56-21

Afisha_Garetski

Close Menu