Да 90-годдзя з Дня нараджэння Чынгіза Айтматава
Ч. Айтматаў. Фота В. Быкава (1960-я)
12 снежня 2018 года спаўняецца 90 год з Дня нараджэння Чынгіза Айтматава. Творы гэтага выдатнага кіргізскага пісьменніка, раманіста, сцэнарыста і перакладчыка трывала ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай літаратуры. На іх вырасла не адно пакаленне чытачоў. Паэт Сяргей Законнікаў адзначаў, што нават пішучы па-руску Айтматаў у сваёй прозе глыбока выявіў сутнасць кіргізскага народа, яго надзеі і памкненні, і што яго рэалізм быў не савецкім, а народным.
З творчасцю Чынгіза Айтматава беларусы могуць пазнаёміцца дзякуючы перакладам Міхася Стральцова, Сяргея Міхальчука і іншых перакладчыкаў. На беларускай мове выйшлі кнігі “Джаміля”, “Бывай, Гульсары”, “Першы настаўнік” і “Буранны паўстанак”.
Чынгіза Айтматава звязвалі сяброўскія і творчыя сувязі з беларускімі пісьменнікамі Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Аляксеем Пысіным і Сяргеем Законнікавым. Асабліва блізкімі былі адносіны з Васілём Быкавым, пісьменнікі актыўна перапісваліся, рэгулярна абменьваліся думкамі і віншаваннямі.
Да юбілейнай даты Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў віртуальную выставу прадметаў з уласных фондаў. Вашай увазе – лісты пісьменніка, яго кнігі, газетнае інтэрв’ю і фотаздымак Чынгіза Айтматава.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца два лісты Чынгіза Айтматава да Васіля Быкава пачатку 1970-х гадоў. У гэтых лістах кіргізскі пісьменнік выказвае захапленне творамі Быкава “Сотнікаў” і “Абеліск”, разважае наконт літаратурнай крытыкі, дае некаторыя парады.
Фотаздымак Чынгіза Айтматава таксама патрапіў у музей ад Васіля Быкава. На ім – яшчэ малады саракагадовы Чынгіз Айтматаў. Здымак зрабіў сам Васіль Уладзіміравіч. На адвароце можна пабачыць надпіс “Ч.Айтматов”, зроблены рукой Быкава.
У фондах захоўваюцца некаторыя кнігі Чынгіза Айтматава. Кніга “Прощай, Гульсары” (на рускай мове) патрапіла ў музей разам з бібліятэкай Кандрата Крапівы. Кніга ”Говоря откровенно: Заметки писателей о межнациональных отношениях” утрымлівае артыкулы Чынгіза Айтматава, Васіля Быкава, Дзмітрыя Ліхачова, Алжаса Сулейменава і іншых пісьменнікаў. Яна з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем блізкай духоўнай сувязі паміж Быкавым і Айтматавым. Экзэмпляр кнігі экспаніруецца ў філіяле “Музей-дача Васіля Быкава” у Ждановічах.
Чынгіз Айтматаў некалькі разоў даваў інтэрв’ю беларускім выданням. У фондах музея была знойдзена газета “Звязда” ад 3 красавіка 1988 года з чарговым інтэрв’ю пісьменніка. Часы перабудовы дазволілі яму казаць максімальна шчыра і адкрыта.
Выявы гэтых прадметаў вы можаце пабачыць у нашай віртуальнай выставе.
Грыб А.В., вядучы метадыст
Канверт да ліста (1972)
Канверт да ліста (1970)
Ліст Ч. Айтматава да В. Быкава (1970)
Ліст Ч. Айтматава да В. Быкава (1972)
Газета “Звязда” з інтэрв’ю Ч. Айтматава (1988)
Кніга “Говоря откровенно” (1989)
Кніга “Прощай, Гульсары” (1967)