Наш Васіль Быкаў.
Народны пісьменнік, дзяяч, гуманіст-мысляр.
Па-сапраўднаму народная Асоба ў гісторыі Беларусі.
Васіль Быкаў – усеагульнапрызнаны Чалавек Сусвету, бо вымярае з’явы і падзеі на прамой жыцця чалавецтва ў сістэме адвечных каштоўнасцей. Яго словы зразумелыя кожнаму, незалежна ад месца нараджэння ці месца пражывання. Таму постаць Быкава праз гады і стагоддзі валодае ўнікальнай здольнасцю яднаць самых розных людзей.
Галоўны месяц Васіля Быкава – чэрвень. Так атрымалася, што дзень нараджэння і дата смерці пісьменніка супалі (19 чэрвеня 1924 – 22 чэрвеня 2003) і назаўсёды засталіся з ім. Збалелая душа франтавіка адляцела ў трагічны для Беларусі дзень, які пераламаў лёс і самога Быкава, і стаўся сімвалам ягонай творчасці назаўжды.
З гэтай нагоды, працягваючыю ўжо закладзеную традыцыю, у святочна-ганаровым прадчуванні Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае гасцей на “Быкаўскія дні”, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава, якія пройдуць з 19 па 22 чэрвеня 2019 года ў Музеі-дачы Васіля Быкава ў а.г. Ждановічы, што пад Мінскам.
Урачыстае адкрыццё “Быкаўскіх дзён” адбудзецца 19 чэрвеня 2019 года а 14-й.
Падчас мерапрыемства будуць ладзіцца: ганаровая высадка валошак у падарунак Васілю Быкаву, “Быкаўскае чаяванне” з успамінамі аб пісьменніку ад сяброў і блізкіх людзей, урачысты запуск “Пошты Васіля Быкава”.
Акрамя гэтага на працягу чатырох дзён на тэрыторыі Музея-дачы Васіля Быкава запланаваны кінапаказы на адкрытым паветры, эксурсіі па экспазіцыі, падчас якіх загучыць голас гаспадара дачы, ды іншыя цікавосткі.
Кожны наведвальнік Музея-дачы Васіля Быкава зможа выслаць ліст са словамі пісьменніка праз адмысловую “Пошту Васіля Быкава” ў любы куток Беларусі сваім сябрам і сваякам.
22 чэрвеня ў межах “Быкаўскіх дзён” а 11-й гадзіне на Усходніх могілках г. Мінска адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і знічоў на магілу Васіля Быкава (збор у 10.50 ля брамы могілак).
Запрашаем ушанаваць памяць аб народным пісьменніку Беларусі Васілю Быкаве з 19 па 22 чэрвеня 2019 года ў Музеі-дачы Васіля Быкава (а.г.Ждановічы, вул. 6-ая Дачная, д. 62), які будзе працаваць з 12.00 да 18.00.
19 і 22 чэрвеня ўваход у Музей-дачу вольны.
Кантактны тэлефон: (29) 551-33-35; (017) 334-56-21.