4 студзеня 2019 года спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Ядвігіна Ш. (сапр. Антон Іванавіч Лявіцкі; 1869-1922) – публіцыста, паэта, драматурга, літаратуразнаўца, перакладчыка. Яскравы прадстаўнік нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст. Ядвігін Ш. быў адным са стваральнікаў новай беларускай літаратуры. Ён стаяў ля вытокаў першых беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”.
Ядвігін Ш. быў цесна звязаны з класікамі беларускай літаратуры. У 1877-78 гг. ён вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала Каміла, дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, асоба і творчасць якога зрабілі ўплыў на фарміраванне светапогляду, схільнасцей і літаратурнага густу пісьменніка. Падчас сумеснай работы ў газеце “Наша ніва” сябраваў з заснавальнікам беларускай літаратурнай крытыкі Сяргеем Палуянам, памяці якога прысвяціў афарыстычную замалёўку “Раны” (“Наша ніва”, № 18 ад 3(16) мая 1912 г.). Сяброўскія сувязі звязвалі Ядвігіна Ш. з Янкам Купалам, які часта наведваў “асветніка з Карпілаўкі” (як называў Ядвігіна Ш. даследчык Уладзімір Содаль), калі жыў па-суседству ў Акопах. Антон Лявіцкі быў першым, каму Янка Купала прачытаў сваю неўміручую “Паўлінку” (1912). Падчас Першай сусветнай вайны Антон Лявіцкі займаўся справамі мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны. У гэты час збліжаецца з Максімам Багдановічам, які пераклаў на ўкраінскую мову творы Ядвігіна Ш.: «Зарабляюць», «З бальнічнага жыцця», «Падласы», «Рабы», «Вяселле», «Скакатушка», «Васількі», «Гадунец», «Чортава ласка», «Дачэсныя», «Ліст сабакі» да рэдакцыі «Нашай Нівы», «Сіло», «Награда» і «Сабачая служба». Жыццёвы лёс звязаў Антона Лявіцкага з адным з выбітных дзеячоў міжваеннага часу Язэпам Лёсікам, які ажаніўся з яго дачкой Вандай.
Ядвігін Ш. пачаў друкавацца ў руска- і польскамоўнай перыёдыцы (1903-1904 гг.). Першае беларускамоўнае апавяданне “Суд” надрукаваў у трэцім нумары газеты “Наша доля” (1906). Затым стаў сталым аўтарам “Нашай нівы” (1909-1910 гг. – загадчык літаратурнага аддзела).
Спачатку ён па-мастацку апрацоўваў фальклорныя сюжэты ў сваіх невялікіх апавяданнях-абразках. Прастата яго твораў набліжала аўтара да простага беларуса, уздзейнічала на самасвядомасць. Пісьменнік не стаў эксплуатаваць гэту тэму, а развіў свой талент да больш буйных твораў і больш закручаных сюжэтаў. Адной з першых спроб стварэння шырокага публіцыстычнага цыкла былі “Лісты з дарогі”. А незакончаны раман “Золата” лічыцца першым беларускім раманам. Акрамя таго, варта адзначыць выдадзены пад канец жыцця першы том “Успамінаў”.
У віртуальнай выставе экспануюцца матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Вядучы метадыст А.В.Грыб
Rany (Pamiaci S.Palujana)
Vasilki 1914
Biarozka 1923
Dzed Zavala 1927
Apaviadanni 1940 vokl
Apaviadanni 1940 tytul
Apaviadanni 1946