Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем наведаць выставу незвычайных арт-аб’ектаў

“ПАВУКІ І ПАВЫ”
Выстава арт-аб’ектаў Карыны Папроцкай і Вольгі Сямашкі

17 красавіка ў Літаратурным музеі распачне працу выстава сучасных арт-аб’ектаў “Павукі і павы”.

Аўтэнтычныя павукі – гэта традыцыйныя беларускія вырабы з саломы, якія ствараліся адмыслова на святы народнага календара з семантыкай Новага году (у розных мясцінах на Каляды або Вялікдзень).

Павукі вырабляліся раз на год напярэдадні свята і падвешваліся на покуці. Яны адлюстроўвалі касмаганічныя ўяўленні беларусаў аб светабудове і з’яўляліся прадметным увасабленнем упарадкаванага і гарманічнага Сусвету.

Традыцыйны павук ствараўся з саломы – прадукта натуральнага ладу жыцця чалавека, які заставаўся ад сабранага ўраджаю. Салому наогул можна лічыць нечым сакральным: у саломе нарадзіўся Ісус, салому называюць беларускім “золатам”.
Сёння наша мадэль жыцця кардынальна памянялася, і салома, мабыць, сапраўды стала “золатам”.

Мастачкі Вольга Сямашка і Карына Папроцкая бяруць матэрыялы, што прапануе сённяшнi свет, і робяць з яго рэплікі і варыяцыі на тэму традыцыйных павукоў. Іх арт-аб’екты – з пластыку і металу. Калі павукоў, якія віселі год і збіралі злых духаў, спальвалі ўзімку, каб сплесці новых, то павукоў Вольгі і Карыны спаліць нельга. У пластыку – іншы цыкл жыцця, іншыя ўласцівасці. Яркія колеры прац, гіпертрафаваныя памеры павукоў ствараюць прынцыпова іншыя выявы і асацыяцыі.

Выстава “Павукі і павы” прымеркаваная да галоўнага гадавога свята – Вялікадня. Таму яе мастацкі вобраз дапаўняе тэкстыль з веснавымі матывамі: птушкамі і кветкамі, якія можна пабачыць на посцілках і рушніках, а таксама кераміка з фондаў Літаратурнага музея.

Выстава будзе працаваць па 12 мая 2026 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты, 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў. Экскурсійнае абслугоўванне – па папярэдняй замове.

Даведкі: +375 17 363 56 21.

Close Menu