Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем на выставу сям’і мастакоў Фарыда Сідзікі і Вольгі Церашонак “Архетыпы, міфы, гіфы”

Зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча пачынаецца з цыкла
“У зачарованым царстве”, вершы якога напоўнены вобразамі беларускай міфалогіі. У сваю чаргу на творчасць паэта аказала ўплыў кніга бацькі, Адама Багдановіча, “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов”. Новае асэнсаванне міфалогіі ўвогуле можна атрымаць праз мастацва Фарыда Сідзікі і Вольгі Церашонак.

Выстава “Архетыпы, міфы, гіфы” – гэта своеасаблівая прэзентацыя сямейнага мастацкага праекта Фарыда Сідзікі і Вольгі Церашонак. Мастацкая выстава ўяўляе сабой міждысцыплінарнае даследаванне архетыпаў беларускай культуры, якія адлюстраваны ў міфалогіі і рэпрэзентаваны ў сучасным выяўленчым мастацтве.

Фарыд Сідзікі – мастак, дызайнер. Нарадзіўся ў Кабуле, сталіцы Афганістана. Яшчэ ў дзяцінстве сям’я мастака пераехала ў Віцебск – радзіму Марка Шагала. У Віцебску скончыў мастацкую школу, дзе навучаўся малюнку, жывапісу і мастацкай разьбе ў вядомых віцебскіх мастакоў: А.Духоўнікава, С.Сотнікава і інш. Сёння Фарыд працуе ў графічным стылі і камп’ютарным дызайне. У мастака адбыліся персанальныя часовыя экспазіцыі ў Італіі і Нацыянальным Цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Вольга Церашонак – кандыдат мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры народнага ДПМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, мастак. 

Аўтар звыш 30 навуковых публікацый па тэорыі і гісторыі мастацтва, удзельнік і дызайнер мастацкіх выстаў: “Just Now” (г.Віцебск, 2014), “Прыцягненне вясны” (г.Віцебск, 2015), “У пошуках Атлантыды” (г.Віцебск, 2016), выстава “Soma Amrita” (Італія, Таскана, 2018).

Выстава “Архетыпы, міфы, гіфы” раскрывае асабістую праекцыю мастакоў на сусветную міфалогію, пераасэнсаванне культурнай спадчыны, пошук новых мастацкіх спосабаў выразнасці і развіцця сучаснага мастацтва графікі. Работы мастакоў ствараюць своеасаблівы мост у прастору міфа, у чароўную рэальнасць вечных архетыпаў для паглыблення ў творчы сусвет аўтара і яго адчування.

У рамках работы выставы плануецца шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для розных катэгорый жыхароў і гасцей сталіцы, сярод якіх – лекцыі, куратарскія экскурсіі, майстар-класы (творчыя квэсты).

 Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца

14 кастрычніка 2020 года ў 17.30 (серада)

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

тэл.: (017) 363 07 61, (017) 355 22 95

maksimbagdanovich@gmail.com 

Close Menu