
Літаратурны музей Максіма Багдановіча прэзентуе часовую экспазіцыю жаночага партрэта музейнага мастака Генадзя Чыстага, як вясновы падарунак жанчынам.
Генадзь Рыгоравіч Чысты – член Беларускага саюза мастакоў, вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся ў Мінску 5 красавіка 1947 года, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968 годзе. Працуе па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі. У музейную сферу Генадзь Рыгоравіч увайшоў у 1980-я як мастак-афарміцель выстаў і экспазіцый, вельмі хутка перайшоў на “новы” ўзровень. У многіх музейных праектах Г.Р.Чысты выступаў як аўтар мастацкай канцэпцыі, стварыў экспазіцыі Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча “Кушляны”, Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Дома-музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, музея-запаведніка Янкі Купалы “Вязынка”.
Шмат зрабіў Генадзь Чысты для ўшанавання памяці Максіма Багдановіча. Генадзь Рыгоравіч – аўтар мастацкай канцэпцыі ў мемарыяльным Доме-музеі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі, экспазіцыі літаратурна-мемарыяльнага музея паэта “Фальварак Ракуцёўшчына”. Ім былі створаны грунтоўныя выставачныя праекты Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – “Максімаў сад”, выстава, прымеркаваная да 100-годдзя публікацыі казкі М.Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, “Дзень гімназіста”, “Застаецца Памяць…” (да 110-годдзя з дня нараджэння Н.Б.Ватацы), “Яблычны рай”, “Я – Маці” (да 150-годдзя з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч).
Генадзь Рыгоравіч – чалавек з вялікім сэрцам і шчырай душой, прафесійны і адметны мастак, акрамя цудоўных экспазіцый, ён напаўняе мастацкія творы цеплынёй і прыгажосцю. Працуе ў розных тэхніках (акварэль, пастэль), у розных жанрах (партрэт, нацюрморт). На часовай экспазіцыі ў асноўным будзе прадстаўлены жаночы партрэт з магнетычнай прывабнасцю жаночай душы.
У адзінай кнізе Максіма Багдановіча “Вянок” ёсць цыкл вершаў “Мадонны”, прысвечаны жанчыне, жанчыне-маці, жанчыне-мадонне. Генадзь Чысты сваю выставу прысвячае жанчынам, прыгажосці, вясне.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца
12 сакавіка 2020 года а 18-й гадзіне
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69