Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем на выставу дзіцячых мастацкіх работ

“Ад усіх цяпер патомкі ёсць…”

М. Багдановіч

Выстава дзіцячых малюнкаў “Горды, моцны птах” – своеасаблівая справаздача, прэзентацыя вынікаў мастацкага пленэру ўдзельнікаў арт-майстэрні “Залаты птах” (кіраўнік – Юлія Шаціла), праведзенага ў 2022 годзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Юныя творцы наведалі музейную экспазіцыю, падчас экскурсіі пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, вясёлымі і сумнымі гісторыямі яго жыцця, знакавымі экспанатамі, мемарыяльнымі прадметамі. Пасля адбылося знаёмства з мастацка-дакументальнай выставай “Пад знакам Страціма”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 105-годдзю напісання паэмы “Страцім-лебедзь”.

Дзеці ў музеі самастойна абіралі лакацыю для малявання, а таксама экспанаты, якія ім найбольш спадабаліся. Творчы эксперымент па асваенні музейнай прасторы, звязанай з імем самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, прызнаны паспяховым і юнымі мастакамі, і музейнымі супрацоўнікамі.

Назва мастацкай выставы “Горды, моцны птах” з’явілася невыпадкова. Па-першае, яна пераклікаецца з назвай арт-майстэрні “Залаты птах”. Па-другое, як заўважылі супрацоўнікі музея, юных мастакоў моцна закрануў вобраз Страцім-лебедзя і яго трагічны лёс.

Па ўспамінах, калі паэт першы раз чытаў паэму сваім сябрам, ён агаварыўся, і апошні радок прагучаў так: “Ад усіх цяпер патомкі ёсць, акрамя Максімавых…” (замест “Страцімавых”). За гэтай агаворкай – мара пра ўласных дзетак і разуменне, што мара не ажыццявіцца. У Максіма няма прамых “патомкаў”, яго сімвалічнымі нашчадкамі становімся мы ўсе… І юныя мастакі, удзельнікі арт-майстэрні “Залаты птах”, таксама.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.

Тэл.: +375 (17) 363 07 61, +375 (17) 355 22 95.

Close Menu