16 кастрычніка ў 18.00 запрашаем на вечар памяці Кастуся Тарасава “Памяць пра легенды” з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Кастусь (Канстанцін Іванавіч) Тарасаў (1940–2010) – празаік, эсэіст, публіцыст; лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускаго ПЭН-цэнтра (“За актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фармаванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў”, 2010).
Пачаў друкавацца як журналіст у 1966. Пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 1976. з публікацыі ў часопісе “Нёман” дэтэктыўнай аповесці “Следственный эксперимент”. Далейшы творчы лёс пісьменніка складваўся даволі ўдала. У 1980 выходзіць першая гістарычная аповесць “День рассеяния”, якая пазней пераўтвараецца ў раман “Пагоня на Грунвальд” (1986). У 1988 аўтар рамана пра Грунвальдскую бітву ўзнагароджаны прэміяй Мінабароны СССР. Выходзяць кнігі аповесцей “В час Стрельца” (1981), “Странствие в тесном кругу” (1986), “Единственный свидетель – Бог” (1991), “Три жизни княгини Рогнеды” (1994), “Золотая горка” (1998).
Вядомасць у Беларусі К. Тарасаву прынёс зборнік літаратурна-гістарычных эсэ “Память о легендах” (1984), якія займальна апавядалі пра малавядомыя на той час старонкі беларускай гісторыі. Гістарычныя творы Кастуся Тарасава часцей за ўсё звязаны з мінулым Беларусі.
У 1996 К. Тарасаў стварае выдавецтва “Лекцыя”, у якім на мяжы стагоддзяў выдае “Крыж памяці. Меч лёсу: Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе” (1998, перавыд. 2001), “Беларусь. Гістарычнае падарожжа для дзяцей” (2000), аповесць “Апошняе каханне князя Міндоўга” (2000) і інш.
На вечары “Памяць пра легенды” пра Кастуся Тарасава распавядуць яго сваякі, сябры, калегі.
Уваход вольны.
Дзе: вул. М. Багдановіча, 13.
Тэлефон для даведак: (017) 334 56 21.