25 чэрвеня 2022 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”, прысвечанае дню нараджэння Кузьмы Чорнага.
Мерапрыемства ў гонар пісьменніка пройдзе на яго радзіме ў в.Цімкавічы Капыльскага раёна і ў такім значным маштабе разгорнецца ўпершыню. Арганізатары свята – установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”, Капыльскі раённы выканаўчы камітэт, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Час правядзення: 14:00 – 19:00.
Святочнае дзеянне будзе адбывацца адразу на некалькіх пляцоўках.
Урачыстае адкрыццё свята пройдзе на галоўнай сцэне. У праграме:
- узнагароджанне пераможцаў творчага конкурсу “Родныя мае мясціны…”;
- выступленне літаратара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Шніпа;
- выступленні творчых калектываў мастацкай самадзейнасці: народнага аркестра народных інструментаў «Капыльскія дудары», народнага ансамбля народнай музыкі «Капыляне», народнага ансамбля народнай песні “Спадчына”, народнага жаночага вакальнага ансамбля “Аліра”, вакальнага квартэта “Ілона”, узорнай Студыі эстраднага вакалу “Кліо”, а таксама салістаў і інструменталістаў Капыльшчыны.
Завершыцца дзеянне на галоўнай сцэне фарба-фэстам.
На тэрыторыі Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага разгорне працу пляцоўка “Літаратурнае падарожжа”. Наведвальнікаў чакаюць:
- экскурсіі па музею з чаяваннем “Каля самавара Кузьмы Чорнага”;
- прэзентацыя віртуальнай экспазіцыі да 120-годдзя Кузьмы Чорнага «Ён чуў сэрца народа» (сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі);
- выстава творчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Капыльскага раёна “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”;
- узнагароджанне ўдзельнікаў творчага конкурсу “Родныя мае мясціны…”;
- тэатр лялек “Батлейка”;
- пастаноўкі тэатральнай па творах К.Чорнага студыі «Іскрынка»;
- прэзентацыя дзіцячай літаратуры “Казкі кніжнай феі для любімых чытачоў” з удзелам пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой;
- гульня ў народным стылі “Фэсцік”.
Пляцоўка “Бібліятэчны падворак” Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А.Астрэйкі прапануе ўвазе гасцей выступленні літаратараў Капыльскага раёна, тэматычныя выставы і фотагалерэі.
Маленькія госці свята змогуць весела і пазнавальна правесці час на пляцоўцы “Дзіцячы куток”. Тут іх будуць чакаць разнастайныя інтэрактывы, гульні, атракцыёны, роставыя лялькі і фотазоны.
У парку адпачынку будзе працаваць “Горад майстроў” з майстар-класамі па ткацтву, выставамі-продажамі народнага клуба майстроў “Скарбонка” і выдавецкага дома “Звязда”.
Падчас свята будуць працаваць тэматычныя фотазоны, фудкорты і кропкі грамадскага харчавання.
Уваход на фестываль вольны!
Кошт трансферу Мінск-Цімкавічы-Мінск – 30 руб. (у маршрут уключана аглядавая экскурсія па Капылю). Папярэдні запіс абавязковы: тэл. +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/317758 або ў касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.