
З 20 красавіка па 18 мая 2022 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі будзе працаваць выстава “Трэці народны”, прымеркаваная да 60-годдзя атрымання Петрусём Броўкам звання народнага паэта.
Пятрусь Броўка пакінуў значны ўклад у культуру і развіццё нашай краіны як паэт і пісьменнік, як дэпутат, галоўны рэдактар першай беларускай энцыклапедыі і прадстаўнік беларускай культуры ў народах свету. Сам творца зазначаў: “I хоць гадоў ужо нямала, хочацца працаваць і працаваць, каб зрабіць яшчэ больш, бо перад кожным з нас невычэрпная крыніца — вялікае і гераічнае жыццё свайго народа”.
20 красавіка 1962 года адбываецца значная падзея – Петрусю Броўку прысуджаюць званне народнага паэта Беларусі за “заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадска-палітычную дзейнасць”. Пятрусь Броўка стаў трэцім у нашай краіне пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа, хто атрымаў такі гонар – у 1925 годзе званне “Беларускага Народнага Паэты” паводле пастановы СНК БССР было нададзена Янку Купалу, а ў 1926 годзе – званне “Народнага Паэты” Якубу Коласу.
За сваю больш чым 54-гадовую літаратурную дзейнасць Пятрусь Броўка стварыў сапраўды каштоўныя творы – “Пахне чабор”, “Александрына”, “Голас сэрца”, “Жорны”, “Заявы”, “Як іграюць зайчыкі”, “Белы рамонак”, “Дубовы ліст”, зборнік “Між чырвоных рабін”. Ягоная паэзія дае добры прыклад душэўнай шчодрасці, умення адчуваць сваё месца ў жыцці і вартасць уласнай асобы, быць самім сабою і ставіцца да людзей з пачуццём павагі і роўнасці.
На выставе будуць прадстаўлены медаль Народнага паэта БССР, выданні зборніка “А дні ідуць…”, за які Броўка атрымаў Ленінскую прэмію 1962 года ў літаратуры, дыплом лаўрэата Ленінскай прэміі.
Месца правядзення: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.
Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.