Маці і кніга – непарыўна звязаныя паміж сабой вобразы, якія з глыбокага дзяцінства крочаць побач з чалавекам. Менавіта з маміных вуснаў гучаць першыя казкі і вершы, менавіта яна знаёміць дзіця з дзівосным светам кнігі, вучыць спасцігаць яго таямніцы.
З 11 па 17 кастрычніка 2021 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае малодшых школьнікаў і педагогаў на музейныя сустрэчы “Святло маміных добрых вачэй”, прысвечаныя Дню маці.
Куратары мерапрыемства ставяць мэтай выхаванне ў маленькіх наведвальнікаў пачуцця павагі да кнігі, ушанаванне вобраза маці, сямейных традыцый і каштоўнасцей.
У праграме сустрэчы:
– экскурсія па літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Дзіцячая кніга. Пісьменнікі і мастакі дзецям”
Вучні даведаюцца пра доўгі шлях, які прайшла кніга: ад дарагой элітарнай рэчы да масавай, запатрабаванай і шырокадаступнай. Пазнаёмяцца з кнігамі, якія чыталі беларускія дзеці 100 гадоў таму, рукатворнымі выданнямі і арт-кнігамі. Разам з музейным куратарам паразважаюць аб будучыні кнігі.
– музейна-педагагічны занятак “Як хлеб да нас на стол прыйшоў”
Занятак праходзіць у форме захапляльнай казкі-гульні, падчас якой вучні ўбачыць этнаграфічныя матэрыялы, пазнаёмяцца з земляробчымі прыладамі і працэсам вырабу хлеба. Хлопчыкі паспрабуюць сябе ў ролі “касцоў”, а дзяўчынкі на некаторы час пераўвасобяцца ў “жней”.
– майстар-клас па вырабу віншавальнай паштоўкі “Падарунак для матулі”
Кожны удзельнік зможа праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаруч зрабіць падарунак для мамы – арыгінальную паштоўку-віншаванне са святам.
Працягласць – 90 хвілін.
Кошт – 3.00 BYN з удзельніка.
Запрашаем пазнавальна, весела і карысна правесці разам час!
Папярэдні запіс па тэл. +375 17 363 56 21, +375 17 370 99 32.
На фота – беларуская пісьменніца Валянціна Коўтун з сынам.