1 чэрвеня 2021 года ў Міжнародны дзень абароны дзяцей Музей гісторыі беларускай літаратуры прэзентаваў сумесны выставачна-асветніцкі праект з Мінскай гімназіяй-каледжам мастацтваў. Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Дзіцячая кніга. Пісьменнікі і мастакі дзецям” дэманструе разнастайныя варыянты ўвасаблення мастацкай кнігі – класічная друкаваная, рукатворная і арт-кнігі. Усе ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць паразважаць і адзначыць для сябе, якая будучыня ў беларускай дзіцячай кнігі і ацаніць вялікі творчы патэнцыял беларускіх дзяцей.
Прывітаў удзельнікаў мерапрыемства дырэктар музея Сяргей Усік. У сваім выступленні ён адзначыў важнасць супольнай працы музея з установамі адукацыі ў справе патрыятычнага выхавання моладзі. Ён зачытаў прывітальнае слова Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча.

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік
За кнігай будучыня! – так лічыць мастачка Рыта Цімохава, непасрэдная ўдзельніца экспазіцыі. Для экспанавання яна перадала свае ілюстрацыі да дзіцячых кніг Васіля Зуёнка, Уладзіміра Карызны, Таццяны Голубевай, Людмілы Стружэцкай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Апошнія дзесяць год мастачка захапілася жанрам арт-кнігі. У адной з вітрын на экспазіцыі прадстаўлена яе арт-кніга “Сад маёй мары” – акварэльныя аркушы, створаныя па матывах паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, аднаго з любімых аўтараў мастачкі. Заходнія ўрбаністычныя пейзажы, расквечаныя раслінамі, неверагодныя птушкі, элементы, што нагадваюць традыцыйную беларускую культуру – так выглядае сад мары для мастачкі. Рыта Цімохава не проста вядомая і запатрабаваная мастачка. Яна выкладчык гімназіі-каледжа мастацтваў. З 2010 года Рыта Міхайлаўна вядзе спецкурс “Дызайн кнігі”, на якім вучні прадумваюць канцэпцыю кнігі і яе ўвасабленне. На экспазіцыі “Дзіцячая кніга. Пісьменнікі і мастакі дзецям” прадстаўлена больш за 30 рукатворных кніг, зробленых выпускнікамі гімназіі. Сюжэты і тэмы разнастайныя – вядомыя дзіцячыя вершыкі, сюжэты і вобразы беларускай міфалогіі, паэзія І.Бродскага, У.Маякоўскага, У.Жылкі і інш., а таксама вершаваныя казкі і коміксы ўласнага сачынення.

Беларуская мастачка Рыта Цімохава
У 2021 годзе, калі пачалася праца над стварэннем экспазіцыі ў мастачкі з’явілася ідэя стварыць арт-кнігу разам з вучнямі па вершах беларускіх пісьменнікаў. Так з’явіўся арт-аб’ект “Дрэва-кніга”, які складаецца з 22 маляваных аркушаў, створаных вучнямі гімназіі-каледжа. Падчас мерапрыемства былі адзначаны найлепшыя працы па выніках адзнак экспертаў і галасоў наведвальнікаў музея. Падчас узнагароджвання дыплом ІІІ ступені атрымала Марціросава Кіра, вучаніца 9 класа, за ілюстрацыю да верша Максіма Багдановіча «Трыялет», дыплом ІІ ступені – Лойка Аглая, вучаніца 5 класа, за ілюстрацыю да верша Максіма Танка «Ехаў казачнік Бай», дыплом І ступені – Якубоўская Насця, вучаніца 9 класа, за ілюстрацыю да верша Ніла Гілевіча «Святочны, старажытны дух калядны». Акрамя таго пераможцы атрымалі памятныя падарункі ад музея, кнігі з аўтографамі ад Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, мастацкія альбомы ад гімназіі-каледжа. Сваімі кнігамі падзяліўся паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык асобна адзначыў ілюстрацыі Ахціміравай Маргарыты (да верша Яўгеніі Янішчыц «Паэтэса») і Куляшовай Алены (да верша Леаніда Пранчака «Сумныя вочы») і падарыў удзельніцам мастацкія каталогі ад саюза мастакоў.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп









Упрыгажэннем мерапрыемства было выступленне Ангеліны Пушкар, вучаніцы гімназіі-каледжа. У яе выкананні прагучалі песні “Не бывае неба лепшага” (сл. В.Жуковіча, муз. А.Атрашкевіч) і “Астравы шчасця” (сл. А.Лягчылава, муз. А.Моўчана).
Чытайце беларускіх аўтараў, натхняйцеся і стварайце разам з намі!
Наведаць экспазіцыю і натхніцца стваральнай энергетыкай вы можаце да 2 кастрычніка 2021 года.
Звярніце ўвагу! Экспазіцыя child friendly. Прадугледжаны гульнёвыя і творчыя пляцоўкі для дзетак.
