ПРЭС-РЭЛІЗ
мерапрыемства “Яўгенія Янішчыц: Якая я”, прысвечанага 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц
“Неспатольная я?
Выбіраю замнога?
Гэта доля мая –
Песня, сцежка, трывога…”
Я. Янішчыц “Дзе згубіліся Вы”
20 лістапада 2018 г. а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурны вечар “Яўгенія Янішчыц: Якая я”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння паэткі.
На пачатку 1960-х гадоў яркай зоркай з’явілася на небасхіле беларускага прыгожага пісьменства зусім юная Жэня Янішчыц. Упершыню яна выступіла ў друку ў 1964 г. яшчэ школьніцай. Вершы яе друкавалі часопісы “Бярозка”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Нёман”, “Молодая гвардия”, “Дружба народов”, “Огонек”, газеты “Литературная Россия”, “Литературная газета”, альманах “Поэзия”, штогоднік “Дзень паэзіі”, калектыўны зборнік БДУ і Гамбургскага педінстытута, анталогіі маладой беларускай паэзіі ва Украіне.
Я.Янішчыц – Дыпламант беларускага фестывалю творчасці маладых (1970), аўтар зборнікаў паэзіі “Снежныя грамніцы” (1971), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987), “У шуме жытняга святла” (1988), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986).
Васіль Быкаў сказаў пра яе: “Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтак Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая”.
Лёс адвёў паэтцы ўсяго 40 гадоў жыцця. Але яе асоба і творчасць пакінулі адметны яскравы след у беларускай літаратуры.
“Якая я” – гэта і пытанне, на якое паэтка шукала адказ на працягу ўсяго жыцця, і спроба распавесці пра свой унікальны, непаўторны ўнутраны свет.
20 лістапада разам з яе сябрамі, паэтамі, пісьменнікамі, даследчыкамі творчасці – Васілём Жуковічам, Анатолем Вярцінскім, Генрыхам Далідовічам, Сяргеем Законнікавым, паэтычнымі спадчыннікамі Крысцінай Бандурынай і Дзмітрыем Шулюком – паспрабуем і мы даведацца, якая яна – “Палесся мілае дзіця” Яўгенія Янішчыц.
Уваход вольны.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: 334-56-21.
Куратар мерапрыемства: загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч.