28 лістапада 2024 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Пятрусь Броўка без гальштука”, якая стала сапраўднай культурнай падзеяй для ўсіх аматараў беларускай літаратуры і гісторыі. Мерапрыемства сабрала шырокае кола гасцей: навукоўцаў, пісьменнікаў, музейных работнікаў, студэнтаў і проста тых, хто шануе творчасць і спадчыну паэта.
Асаблівую ўвагу гасцей прыцягнулі унікальныя экспанаты выставы: хатні пінжак паэта, фотаздымкі з сябрамі, рукапісы, сувеніры з яго падарожжаў і асабістыя рэчы. Кожны з гэтых прадметаў раскрывае жыццё Петруся Броўкі з адметнага боку, паказваючы яго ў звычайным чалавечым вымярэнні — за кубкам гарбаты, у клопатах пра сям’ю, у ціхіх развагах у Каралішчавічах ці Ждановічах.
Канцэпцыя выставы заснавана на ідэі паказу паэта без афіцыйных рыс. Наведвальнікі ўжо адзначылі, што экспазіцыя стварае цёплую і ўтульную атмасферу, дае магчымасць адчуць сябе госцем у кватэры Петруся Броўкі, успрыняць яго як чалавека, які жыў звычайным, але адначасова незвычайным жыццём.
Экспазіцыя будзе адкрыта да 31 жніўня 2025 года. Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае ўсіх жадаючых дакрануцца да жывой гісторыі і ўбачыць, якім быў наш народны паэт у паўсядзённасці — без гальштука.