Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Выстава, прысвечаная Максіму Гарэцкаму, экспануецца ў Вязьме

З 27 снежня 2022 года па 27 студзеня 2023 года ў Вяземскім гісторыка-краязнаўчым музеі экспануецца літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім “Я”, створаная супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Выстава прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка і прымеркаваная да 130-годдзя з дня яго нараджэння.

Максім Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік вуснай народнай творчасці. Максім Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Крэда ўсяго жыцця пісьменніка заключана ў яго ж словах: “Ахвярую сваім “я” ва ймя святога ўсім нам Адраджэння”. Так ён і жыў, адзін з найлепшых сыноў Беларусі.

З горадам Вязьма Смаленскай вобласці звязана трагічная гібель Максіма Гарэцкага.

У 1937 годзе, трапіўшы пад хвалю рэпрэсій, ён быў накіраваны ў вяземскую турму і па пастанове пасяджэння тройкі УНКУС Смаленскай вобласці 5 студзеня 1938 года быў прыгавораны да растрэлу. Прысуд быў выкананы 10 лютага 1938 года. Пісьменнік 8 дзён не дажыў да свайго 45-годдзя…

На месцы меркаванага пахавання Максіма Гарэцкага ў горадзе Вязьма ў 1993 годзе ўсталяваны памятны знак. На ім словы: «Предположительно на этом месте, где похоронены сотни известных и незвестных людей, жертв репрессий, находится прах известного белорусского писателя, ученого и педагога Максима Ивановича Горецкого».

Close Menu