Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Ганны Какуевай “Увесь зачараваны ёй…”

Калі даследчыкі вывучаюць жыццё вядомага чалавека, то абавязкова закранаюць яго асяроддзе: сваякоў, сяброў, каханых. І ў адзін момант, дзякуючы прызнанню генія, вядомымі становяцца і яго сям’я, ды і шмат людзей, якія мелі з ім стасункі па жыцці.

Цікава, ці ведалі б мы, аматары творчасці Максіма Багдановіча, пра Аню Какуеву, калі б яна не была яго Музай? Гэтай дзяўчыне паэт прысвяціў шмат прыгожых лірычных вершаў. Многія даследчыкі праглядаюць гісторыю неўзаемнага кахання ў многіх творах Максіма, асабліва ў паэме “Вераніка”, а ў апавяданні “Марына” нават захаваны сапраўдныя імёны, толькі паэт назваў сябе Базылём. Якой жа была Ганна, што адбілася ў сэрцы паэта і ў яго творах назаўжды? Атрымаць адказы на гэтыя пытанні можна пад час экскурсіі (рэальнай альбо віртуальнай) у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Супрацоўнікі музея часова дапоўнілі фондавымі матэрыяламі частку пра Аню Какуеву на пастаяннай экспазіцыі. Гэта мемарыяльныя рэчы: фотаздымкі, фотаальбом, візітоўкі, дакументы аб хрышчэнні Ані і пасведчанне аб яе шлюбе з Іванам Лілеевым. Усе гэтыя рэчы перадаў ў фонды музея сын Ганны – Мікалай Іванавіч Лілееў, які пражыў доўгае жыццё, як быццам па запавету Максіма Багдановіча:

“…Одну лишь таю я надежду, –

У Ани родится ребенок,

Похожий на маму,

С глазами, как темные звезды:

Похожий на маму.

Отдам свою жизнь ему в руки,..”

Паводле Н.Б.Ватацы, у аўтографах паэта, якія захоўваліся да вайны ў Акадэміі навук БССР, быў такі запіс Максіма Багдановіча: “Палын-трава. Вершы аб Ганне Р-не, з яе партрэтам, аўтографам, з каментарыямі да вершаў”. Відаць, аўтар задумаў цэлы цыкл вершаў, прысвечаных ёй.

Гісторыя кахання Максіма Багдановіча да Ганны Какуевай дзякуючы таленту паэта засталася не толькі гісторыяй свайго часу, але атрымала вечнае жыццё ў паэзіі беларускага генія.

 

Прэзентацыя выставы адбудзецца

24 красавіка 2020 года а 13-й гадзіне

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69

maksimbagdanovich@gmail.com