Літаратурны музей Максіма Багдановіча прымае ўдзел у міжнародным фестывалі “Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2019”, які ладзіцца з 10 верасня па 2 кастрычніка 2019 года. У фестывалі задзейнічаны два дзясяткі выставак фатографаў і фотакалектываў з 10 краін на 8 сталічных пляцоўках з аўдыторыяй звыш паўмільёна чалавек. Фестывальныя выстаўкі пройдуць у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у прасторы “Кніжная Шафа”, а таксама ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
На пляцоўцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча будзе прадстаўлена часовая экспазіцыя фотаздымкаў “Шпацыр у шэрым. Верш” беларускай перакладчыцы і паэткі Юлі Цімафеевай.
Мінск і яго паэтычны патэнцыял зрабіліся асноўнай тэмай фотаработ Юлі Цімафеевай. На яе чорна-белых здымках – сцэны гарадскога жыцця, сілуэты людзей, лініі і рытмы дарог, дрэў, правадоў – робяцца радкамі верша – даўжынёй у шпацыр.
Юля Цімафеева – беларуская паэтка, перакладчыца, фатографка, аўтарка двух зборнікаў паэзіі, удзельніца літаратурных фестываляў у Беларусі і за мяжой. Яе вершы перакладзены на некалькі еўрапейскіх моваў.
Яе першая фотавыстава “Сіні: колер вясковага жыцця” (Blau: eine dörfliche Lebensfarbe) прайшла ў Германіі ў Потсдамскім універсітэце. Фотаздымкі Юлі Цімафеевай друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах. Яе работы вылучаюцца эмацыйнай трапнасцю і выкшталцонай выразнасцю.
Прэзентацыя фотавыставы “Шпацыр у шэрым. Верш” адбудзецца 25 верасня 2019 года ў 18.30.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69