18.12.2018 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава аўтарскіх лялек мастачкі Анастасіі Адамовіч.
Анастасія – выпускніца Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Мастацтвазнаўца, мастак па касцюмах. Стваральнік аўтарскай эксклюзіўнай тэхнікі вырабу інтэр’ерных лялек, абутку, адзення і аксесуараў для лялек. Лаўрэат і дыпламант выстаў у Беларусі, Літве, Расіі, Украіне, Чэхіі, Эстоніі. Больш за дзвесце работ знаходзіцца ў калекцыях і інтэр’ерах Еўропы, Азіі, ЗША і Канады.
Дарэчы, Анастасія вельмі актыўны аўтар. На працягу апошніх пяці гадоў яна ўдзельнічае ў 3-4 выставах штогод – такая ў яе прага да творчасці і велізарны патэнцыял. Мастачка прыдумвае персанажы, назіраючы за сваімі сучаснікамі, вывучаючы партрэтную творчасць жывапісцаў ранейшых стагоддзяў, перачытваючы любімыя літаратурныя творы. Такім чынам, у абліччы і характары яе герояў узнікае сплаў характэрных і індывідуальных рыс.
На выставе “жывуць” 13 міфічных лялек: хатнікі, іранічныя Бабкі-Ёжкі, трапяткія анёлы і жыццярадасная Пэппі Доўгая панчоха. Прадуманыя да кожнай вяснушкі, лялькі з першага погляду зачароўваюць сваёй містычнасцю і чараўніцтвам.
Экскурсіі праводзяцца штатнымі навуковымі супрацоўнікамі.