Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 95-годдзя з дня нараджэння Лідзіі Арабей

(1) 27 чэрвеня беларускай пісьменніцы і літаратуразнаўцы Лідзіі Арабей споўнілася б 95! З гэтай нагоды прыгадаем некаторыя старонкі з жыцця даследчыцы на падставе матэрыялаў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Лідзія Львоўна Арабей нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Дарэчы, месца гэтае багатае на таленты. Тут нарадзіліся такія вядомыя беларускія пісьменнікі, як Кандарат Крапіва, Пятро Глебка, Ілля Гурскі, Паўлюк Трус і інш. Мала таго, Кандрат Крапіва сустрэў тут сваё каханне ў вобразе маладой дзяўчыны Алены Махнач, якая была стрыечнай сястрой маці Лідзіі Арабей Марыі Антонаўны Махнач (2).

Па апошняй волі Лідзіі Львоўны ў сакавіку 2015 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры атрымаў у дар ад яе пляменніцы Ірыны Генадзьеўны Шыдлоўскай асабістыя рэчы, кнігі, дакументы і сямейны фотаальбом пісьменніцы. Гэта цікавыя сведкі не толькі жыцця і творчасці Лідзіі Арабей, яе родных і сяброў, але і важныя інфармацыйныя крыніцы (3, 4, 5, 6, 7, 8).

Так у фонды музея паступіла 68 кніг з аўтографамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў: Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча, Івана Навуменкі, Сяргея Грахоўскага, Івана Чыгрынава, Анатоля Вярцінскага, Івана Мележа, Івана Шамякіна і іншых. Гэта пераважна выданні, рэдактарам якіх была Лідзія Львоўна (9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16).

Сярод асобнікаў – кніжка з дароўным надпісам народнага эстонскага пісьменніка Ааду Хінта (17, 18). У 1960 годзе Лідзія Львоўна разам з А.Раманоўскай пераклала яго раман “Бераг вятроў”.

Безумоўна, дарыў свае кнігі Лідзіі Арабей і вядомы зямляк, народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва. На тытульным лісце аднаго з яго зборнікаў “Вершы і байкі” чытаем: “Лідзе Львоўне Арабей, якая родам, можна сказаць, з таго ж самага Нізка, – з пажаданнем далейшых творчых поспехаў. 13/ІІ.1968 г.”.

Падпісвала і прэзентавала кнігі беларускім пісьменнікам, сябрам і сама Лідзія Львоўна. Некаторыя з іх трапілі ў наш музей. Гэта такія вядомыя зборнікі аповесцей і апавяданняў, як “Мера часу” (1962) (19, 20), “Ларыса” (1964), “Мне трэба ехаць” (1974) (21, 22), “Паласа дажджу” (1984), “Пошукі кахання” (1987), “Перавал” (1998) (23, 24), раманы “Іскры ў папялішчы” (1970) (25, 26) і “Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы” (1980). Захоўваецца ў фондах і яе першае крытыка-біяграфічнае даследаванне “Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, якое выйшла ў 1956 годзе, а таксама наступныя дакументальныя аповесці “На струнах буры” (1967) і “Стану песняй” (1977), дзе даследчыца сабрала і апрацавала вялікі матэрыял пра нашу выдатную паэтку беларускага адраджэння.

Лідзія Арабей двойчы ўступала ў шлюб. У 1942 годзе падчас акупацыі яна выехала ў Заходнюю Беларусь, дзе выйшла замуж за Аляксея Аляксеевіча Арабея, які ў 1944 годзе быў расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі за сувязь з партызанамі. У 1945 годзе пісьменніца вяртаецца ў Мінск, дзе знаёміцца са сваім другім выбраннікам – вядомым беларускім мастаком Яўгенам Ганкіным, які з 1946 года працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Аб гэтым перыядзе іх знаёмства красамоўна распавядае серыя фатаграфій 1950-х гадоў, змешчаная ў іх сямейным фотаальбоме. Камерныя і атмасферныя фота пранізаны цеплынёй іх пачуццяў і хараством маладосці (27, 28).

Фотаальбом уражвае сваім хараством. Здаецца, што ўсе тыя асобы, месцы і краявіды, якія можна сустрэць на фатаграфіях, знаёмыя або не нясуць у сабе нешта значна большае, чым проста адлюстраванне нейкіх момантаў. Яны ўтрымліваюць у сабе цэлую культурную эпоху.

Фатаграфіі размешчаны ў адвольным парадку, што дае магчымасць іх параўноўваць. Самая ранняя датуецца 1926 годам, дзе маленькая Ідачка сядзіць у крэсле ў гадавалым узросце (29). Апошняя зроблена ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ёсць фота з дароўнымі надпісамі ад пляменнікаў Лідзіі Львоўны і Яўгена Маркавіча, што сведчыць аб цесных сямейных сувязях.

Вылучаюцца і тыя, што зроблены ў падарожжах, на адпачынку ў санаторыях у розныя гады. Была Лідзія Арабей і ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе пасмяротна выдала мемуары Яўгена Ганкіна “Крыло ангела”.

Лідзія Львоўна шмат гадоў актыўна займалася зборам інфармацыі, вывучэннем і папулярызацыяй творчай спадчыны знакамітай беларускай паэткі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, больш вядомай пад псеўданімам Цётка (30, 31). У 1958 годзе Лідзія Арабей абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Жыццё і творчасць Цёткі/Алаізы Пашкевіч”. І менавіта дзякуючы ёй у 1996 годзе фонды музея папоўніліся двума дэбютнымі зборнікамі нашай рэвалюцыйна-дэмакратычнай паэткі “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”. Абодва надрукаваны лацінкай. Разам з кнігамі былі дзве фотакарткі, якія належалі сям’і Цёткі: партрэты яе маці Ганны Пашкевіч з роду Вызгаў і сястры Марыі, зробленыя ў Вільні ў пачатку ХХ стагоддзя. Своеасаблівым вынікам шматгадовай даследчыцкай працы з’явіўся альбом, дзе Лідзія Арабей сабрала арыгіналы і копіі фотадакументаў і пісьмовых крыніц пра жыццёвы і творчы шлях Цёткі, а таксама матэрыялы па ўшанаванні яе памяці.

Цікавыя звесткі аб акружэнні, жыцці і дзейнасці Алаізы Пашкевіч можна знайсці ў ліставанні Лідзіі Арабей з гісторыкам Юрыем Туронкам (32) і супрацоўніцай Кіеўскага музея Лесі Украінкі Алай Дыба.

Яшчэ адна ўнікальная рэч патрапіла ў музей ад блізкай сяброўкі Лідзіі Арабей – Валянціны Аркадзьеўны Доўнар. Гэта драўлянае насценнае распяцце з дому Цёткі на Шчуччыне, якое вісела над ложкам яе маці, а пасля трапіла ў Польшчу. Праз некаторы час сястра Цёткі Караліна Пашкевіч асабіста падарыла яго Лідзіі Львоўне (33).

Аднак самы вялікі ўнёсак у музейную скарбніцу быў зроблены даследчыцай у 1999 годзе. Тады ў фонды музея з яе архіва паступіла больш за 250 архіўных матэрыялаў. Сярод якіх – рукапісы празаічных твораў пісьменніцы: “На беразе Ла-Манша”, “Добрая фея”, “Скрыпачка”, “Новы сшытак”, “Воблачка”, “Птушка Хірасімы” і інш., рукапісы п’есы ў дзвюх дзеях “На полымі любві” (34, 35, 36), аднайменных эсэ і артыкулаў на беларускай і рускай мовах, а таксама літаратурны сцэнарый “Кроплі крыві гарачай”, драматычны твор “Пякучыя пялёсткі”. Публіцыстыка прадстаўлена артыкуламі, прысвечанымі асветніцкай і педагагічнай дзейнасці Цёткі і яе кніжцы “Першае чытанне для дзетак беларусаў”. Згаданыя творы Лідзіі Арабей адлюстроўваюць яе неабыякавае стаўленне да лёсу нацыянальнай літаратуры і беларусаў у цэлым. Так, на прыкладзе Цёткі, пісьменніца паказала, як трэба самааддана служыць свайму народу і сваёй працай кожны дзень рабіць крок наперад, каб не забыцца пра тое, хто мы ёсць.

Адметнае месца ў архіве Лідзіі Арабей займаюць графічныя творы. У 1997 годзе музей атрымаў у дар ад пісьменніцы карціну “Векапомнае”, прысвечаную памяці Уладзіміра Караткевіча. Аўтар работы – Яўген Ганкін (37). А ў 1999 годзе музейныя фонды папоўніліся экслібрысам Лідзіі Львоўны, які для яе зрабіў знакаміты беларускі мастак-графік Яўген Ціхановіч. Гэты кніжны знак уяўляе сабой егіпецкага сфінкса, які ляжыць на вялікай кнізе і трымае ў лапах пісьменніцкі атрыбут – гусінае пяро (38).

Лідзія Арабей пакінула пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Яе творамі зачытваюцца дарослыя і дзеці. З-пад пяра пісьменніцы выйшаў не адзін дзясятак зборнікаў аповесцей і апавяданняў, а яе літаратуразнаўчыя працы асвяцілі шмат пытанняў аб жыцці і дзейнасці беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч. Творчасць Лідзіі Арабей – гэта каштоўны культурны здабытак для ўсяго беларускага народа.

Матэрыял падрыхтавала Кузняцова Алеся, галоўны захавальнік фондаў.

 

Close Menu