Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 80-годдзя з дня нараджэння Віктара Казько

“У Сібіры, у далечыні ад роднага дому, каваўся ланцужок памяці, які звязваў мяне з маім домам, звяно за звяном паўставала мінулае. Мінулае гэта клікала ў дарогу да сябе самога. А можа быць, хто ведае, каб вярнуцца, трэба спачатку ўцячы, каб набыць што-небудзь, трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць тое, што меў”.

В.Казько

 

23 красавіка споўнілася 80 гадоў знакамітаму беларускаму празаіку Віктару Апанасавічу Казько. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры шчыра віншуе Віктара Апанасавіча, жадае яму моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Казько Віктар Апанасавіч нарадзіўся 23 красавіка 1940 года ў горадзе Калінкавічы, у сям’і рабочага (1).

Пасля сканчэння васьмі класаў у 1956 годзе вучобу працягваў у Кемераўскім індустрыяльным тэхнікуме прафесійна-тэхнічнай адукацыі (2, 3). Потым працаваў у шахце, у геолагаразведцы (4). З 1962 года звязаў свой лёс з журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты “Красная Шория”, дзе і надрукаваў сваё першае апавяданне “Халімон”, а таксама літсупрацоўнікам абласной газеты “Комсомолец Кузбаса” і карэспандэнтам абласнога радыё. У 1970 годзе скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А.М.Горкага.

У 1971 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе адразу ўладкаваўся літсупрацоўнікам у газеты “Чырвоная змена” і “Советская Белоруссия”. З 1973 па 1976 год працаваў у часопісе “Нёман”. Член Саюза пісьменнікаў СССР (5, 6). З 1976 года займаўся выключна творчай работай. У 1985-1988 гады займаў пасаду сакратара Саюза пісьменнікаў БССР. З 1988 года зноў засяродзіўся на творчай рабоце.

У беларускім друку выступаў адразу па вяртанні ў Беларусь, дзе друкуюцца тры яго навэлы: “В паводок”, “Лекся берёт “верхушку” і “Дождь на картошку”.

Яго першая беларускамоўная аповесць – “Суд у Слабадзе” (1978), першы раман – “Неруш” (1981) (7, 8).

Яго творы былі экранізаваны на кінастудыі “Беларусьфільм” (“Паводка”, “Сад”, “Судны дзень”), перакладаліся на многія мовы (9, 10, 11, 12, 13). У 2009 годзе студыяй “Летапіс” быў зняты дакументальны фільм пра пісьменніка “Знакі лёсу. Віктар Казько”.

Віктар Казько з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх прэмій, сярод якіх: прэмія Ленінскага камсамола (14) (1977 год, за кнігу “Добры дзень і бывай”), Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (1982 год, за аповесць “Суд у слабадзе”), прэмія “Гліняны Вялес” (2009 год, за кнігу прозы “Бунт незапатрабаванага праху”), прэмія “Залаты апостраф” 2009 года, прэмія Ежы Гедройца (2015 год, за кнігу “Час збіраць косці”).

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца больш за 70 музейных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю Віктара Казько. Здатчыкам усіх гэтых прадметаў у розныя гады быў сам пісьменнік.

Сярод прадметаў ёсць кнігі з дароўнымі надпісамі аўтара Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры (15, 16, 17, 18, 19, 20).

У калекцыі “Фотадакументы” захоўваюцца фатаграфіі, на якіх можна пабачыць Віктара Казько з сябрамі (21), беларускімі пісьменнікамі (22, 23, 24, 25), падчас падарожжа на Кубу (26), у Кітайскую Народную Рэспубліку (27), Злучаныя Штаты Амерыкі (28) і інш. (29, 30).

Асабліва цікавымі і каштоўнымі з’яўляюцца рукапісы аповесцей “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (31), “Да сустрэчы…” (32) і рамана “Неруш” (33).

 

Close Menu