Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун

6 красавіка 1946 г. (1) адзначаецца 75 год з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, літаратуразнаўцы і грамадскай дзеячкі Валянціны Міхайлаўны Коўтун.

Будучая паэтка нарадзілася ў в. Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў (2, 3, 4) Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны. Сем класаў Валянціна Коўтун скончыла ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на працу ў Жабчыцкую пачатковую школу вучылася ў бліжэйшай Малоткавіцкай СШ, якую скончыла ў 1963 г. 1 верасня таго ж года яна была накіравана на працу піянерважатай ў Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёну (5). У верасні 1964 г. Валянціна Коўтун стала студэнткай рускага аддзялення філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко (6). З 4-га курса перавялася на русскае аддзяленне філфака БДУ.

Друкавацца Валянціна Коўтун пачала яшчэ ў студэнцтве ў львоўскай газеце “Ленінская моладзь”. Свае першыя вершы паэтка перакладала на ўкраінскую мову. У тым жа 1966 годзе адбылося значнае для творчасці знаёмства. Падчас святкавання 75-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў Львове Валянціна Міхайлаўна пазнаёмілася з беларускім паэтам Анатолем Вярцінскім (7), які прапанаваў друкавацца ў Беларусі на роднай мове.

Пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянціна Коўтун  выкладала рускую мову і літаратуру ў в. Варняны Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці (8). Па ўспамінах яе навучэнцаў Валянціна Міхайлаўна надавала асаблівую ўвагу вывучэнню творчасці Цёткі (9).

Са жніўня 1970 г. працавала літаратурным кансультантам ў рэдакцыі “Сельскай газеты”. Падчас працы ў газеце адбывалася актыўнае творчае станаўленне: выйшлі ў друк некалькі дзясяткаў паэтычных твораў, першы зборнік “Каляровыя вёслы” (10), адбылося многа знакавых сустрэч і падзей.

З ліпеня 1976 г. Валянціна Коўтун пераходзіць на пасаду літаратурнага супрацоўніка часопіса “Полымя” (11). Праз тры гады Валянціну Міхайлаўну прызначылі на пасаду рэдактара крытыкі і літаратуразнаўства. У гэты ж перыяд яна скончыла завочна аспірантуру БДУ і ў 1980 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне” (12).

З лістапада 1982 г. Валянціна Коўтун стала намеснікам галоўнага рэдактара толькі што створанага выдавецтва “Юнацтва”. Але на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара прабыла нядоўга і ў красавіку 1983 г. была пераведзена на пасаду загадчыка рэдакцыі літаратуры для юнацтва.

У 1985 г. з друку выходзіць зборнік паэзіі Валянціны Коўтун “Метраном” (13), за які паэтка ў 1986 г. была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Аркадзя Куляшова (14).

У 1990 г. працавала ў часопісе “Полымя” ў якасці старшага рэдактара аддзела прозы.

У 2003 г. Валянціна Міхайлаўна Коўтун часова прыпыняе рэдактарскую дзейнасць, каб прысвяціць час ажыццяўленню творчых задум. Пісьменніца працуе над раманам “Пакліканыя” (15, 16), прысвечаным беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай (17). У гэты ж час паэтка піша вершы для зборніка “Малітва да Калымы” (18), якія яна стварыла пад псеўданімам Лесі Беларускі.

Валянціна Міхайлаўна Коўтун вядомая і як перакладчыца. Яна перакладала творы з балгарскай (В.Радзінскай), латышскай (Р.Эзеры), літоўскай (А.Балтакіса), эстонскай (М.Траат), польскай (Б.Грушкі-Чыж), украінскай (Б.Алейніка, Л.Кастэнка (19), Р.Лубкіўскага, А.Забужкі, У.Нястайкі (20), рускай (М.Камісаравай).

Акрамя гэтага, Валянціна Коўтун вяла актыўную даследчыцкую дзейнасць па творчасці Цёткі, Янкі Купалы, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і інш.

Валянціна Міхайлаўна шырока праявіла сабе ў драматургіі. Пра гэта яскрава сведчаць напісаныя ў розныя гады творчасці п’еса “Вясельны хутар” (21), прысвечаная беларускай паэтцы Яўгеніі Янішчыц (22), драматычная містэрыя “Крыж Ігуменні”, драма “Шлях палачанкі”. Валянціна Коўтун стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў “Крыж міласэрнасці” (23) і “Пакліканыя”. У 1991 г. па сумесным з Фёдарам Коневым сцэнарыі па рамане “Крыж міласэрнасці” быў пастаўлены аднаіменны фільм.

Творчую, навуковую і рэдакцыйную дзейнасць Валянціна Міхайлаўна сумяшчала з актыўнай грамадскай працай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай (24, 25, 26) – культурна-асветніцкая грамадская арганізацыя, якая плённа працавала да 2005 г. За дванаццацігадовы перыяд дзейнасці Фонду арганізоўвалася асветніцкая праца сярод насельніцтва, праводзіліся міжнародныя кангрэсы, канферэнцыі, творчыя сустрэчы, наладжвалася  міжнароднае супрацоўніцтва.

Пісьменніцы не стала 30 красавіка 2011 г.

У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сфарміраваўся і захоўваецца значны архіў Валянціны Міхалаўны Коўтун, які пачаў фарміравацца адначасова са стварэннем музея ў 1987 г., а ўжо зараз налічвае больш за 450 адзінак. Большую яго частку перадала дачка пісьменніцы Валянціна Георгіеўна Коўтун. Акрамя рукапісаў, кніг, фатаграфій і друкаваных выданняў у фонд трапілі і асабістыя рэчы.

Close Menu