Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Віртуальная выстава да 115-годдзя з дня нараджэння Андрэя Александровіча

Выстава падрыхтавана ў межах музейнага экспазіцыйнага праекта “Залатая раніца беларускага Адраджэння” і сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923 год).

Парой налятуць успаміны,
Як з выраю птушкі вясной,
I ўстануць тады прад табой
Пражытых гадоў пуцявіны.
Згадаеш свае хваляванні,
Дарогі юнацкіх прыгод.
Згадаеш і ласку пяшчот,
I першае слова кахання,
I першыя творчыя мукі,
I радасць, калі ўпершыню
Насустрач наступнаму дню
Ішлі мае песні па бруку.
Убачыш сябе між сваімі,
I ўжо, як вядзецца здаўна,
Іскрыстая чарка віна
Застольную песню падыме.

А.Александровіч “Успаміны”, 1946

Андрэй Іванавіч Александровіч нарадзіўся 22 студзеня 1906 года на ўскраіне Мінска ў сям’і рамесніка-сапожніка, які пасля нараджэння сына неўзабаве памёр. (1) Маці вымушана была перабівацца выпадковымі заробкамі, каб пракарміць сям’ю. Як толькі падрос сын, яна аддала яго на вучэнне да сваяка-шаўца. А старэйшая сястра Алеся прыцягнула брата да спеваў у беларускім хоры У.Тэраўскага. З успамінаў Сяргея Грахоўскага: “…ахвотна ўспамінаў дзяцінства на Пярэспе, шавецкі варштат, расказваў, як спяваў у хоры Тэраўскага і там упершыню сустрэўся з Купалам”. (2)

З цеплынёю ўспамінаў Андрэй Александровіч “Беларускую хатку”, дзе ўпершыню ўбачыў на сцэне “Паўлінку” Янкі Купалы, п’есы Уладзіслава Галубка і Міхася Чарота.

Было Андрэю Александровічу 15 гадоў (1921 год), калі ўпершыню басанож з Пярэспы ён прыбег у рэдакцыю “Савецкай Беларусі” і паклаў на стол Міхасю Чароту невялічкі верш “Да моладзі”. Праз некаторы час ён ужо з’явіўся на старонках газеты, а пазней – у часопісе “Полымя”. (3)

Песні звіняць веснавыя –
Радасць раскутай зямлі.
Станьма шчыльней, маладыя
Долі сваёй кавалі.
<…>
Па гарадах і па сёлах
Песні пра шчасце звіняць.
Выйдзем, працоўная моладзь,
Вольны свой край будаваць.

Урывак з верша “Да моладзі” А.Александровіча, 1921 г.

У той жа год Александровіч паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, а скончыўшы яго, паступіў на літаратурны факультэт БДУ. Методыку роднай мовы ў тэхнікуме выкладаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. А частым госцем студэнтаў быў папулярны паэт Міхась Чарот. Вакол М.Чарота гуртаваліся маладыя паэты і празаікі. Педагагічны тэхнікум стаў своеасаблівай кузняй маладых літаратараў. (4)

28 лістапада 1923 года Андрэй Александровіч разам з Міхасём Чаротам, Алесем Дударом, Анатолем Вольным, Адамам Бабарэкам і Язэпам Пушчам заснавалі першую беларускую літаратурную арганізацыю “Маладняк”. (5), (6), (7)

У 1925 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшаў першы зборнік вершаў Андрэя Александровіча “Па беларускім бруку”. У ім аўтар выступіў як адзін з першых паэтаў горада, паэт менавіта рабочай тэмы. Ён ведаў яго ўскраіны, дарэвалюцыйную галечу і бачыў тыя пераўтварэнні, якія адбываліся ў маладой беларускай сталіцы: “Пишу о революции, о строительстве, о жизни рабочих, о городе. Деревню почти не знаю” (з аўтабіяграфіі А.Александровіча).

У дзевятнаццаць год (1925) стаў адказным рэдактарам часопіса ЦК ЛКСМБ “Малады араты”, працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў (“Наш працаўнік”, “Чырвоная Полаччына”, “Бальшавік Беларусі”, “Заклік”). Малады рэдактар знаходзіўся ў цэнтры кіпучага грамадскага і літаратурнага жыцця. Ён выяўляў і выхоўваў таленавітую моладзь, дапамагаў пачаткоўцам-літаратарам.

Першыя кніжкі Андрэя Александровіча, выдадзеныя ў 1925–1926 гадах: “Па беларускім друку”, “Паўстанцы”, зборнік апавяданняў “Сутарэнне”. Аўтарам кіравала шчырае жаданне непасрэдна ўдзельнічаць у распачатым вялікім працэсе грамадскага пераўтварэння, у працэсе ўсталявання сваёй нацыянальнай культуры. (8), (9)

1930-я гады – самы плённы перыяд у творчым жыцці Андрэя Іванавіча Аляксандровіча. Адзін за адным выходзілі яго новыя творы: “Фабрыка смерці”, “Цені на сонцы”, “Шчаслівая дарога”, драматычная паэма “Напор”, “Паэма імя Вызвалення”. У перакладах на рускую мову вершы друкаваліся ў “Праўдзе”, “Вестках”, “Камсамольскай праўдзе”, выходзілі асобнымі кнігамі. Творы Андрэя Іванавіча насілі патрыятычна-грамадзянскі характар, яго паэзія заўсёды была баявой і партыйнай.

У канцы трыццатых гадоў Александровіч стаў паэтам, вядомым не толькі ў межах рэспублікі. Яго кнігі перакладаліся на рускую, польскую, яўрэйскую, украінскую, грузінскую і іншыя мовы.

Паэт з’яўляўся намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, членам урада, кандыдатам у члены ЦК КПБ, членам рэдакцыйнай калегіі, якая распрацоўвала тэкст Савецкай Канстытуцыі. (10)

Некаторы час ён працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук БССР, а за навуковую працу ў галіне мовы і літаратуры ў 1936 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. (11)

Разам з тым, акрамя партыйнай работы, Андрэй Александровіч плённа працаваў і ў творчай галіне. Шмат кніг напісаў і для дзяцей: “Горад раніцай”, “Падарунак дзеткам-малалеткам”, “Шчаслівая дарога” і інш. (12), (13)

Творы Андрэя Александровіча ў друку выходзілі пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі: А.А-віч, А.Андр., Андр. Ал-іч, А.Худніцкі, Чыгуначнік Бэцін.

Перакладаў на беларускую мову з рускай, украінскай, літоўскай моў. Аўтар перакладу на беларускую мову “Інтэрнацыянала”, паэмы А.С.Пушкіна “Руслан і Людміла” (рэдакцыя 1938), асобных твораў Д.Беднага, М.Ісакоўскага, А.Суркова, паэмы С.Маршака “Пажар”.

2 ліпеня 1938 года Андрэй Аляксандравіч быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў працоўных лагераў. У 1938–1947 гадах адбываў пакаранне на будаўніцтве Нарыльскага металургічнага камбіната. Тэрмін зняволення быў скарочаны да 8 гадоў, і ў 1947 годзе ён выйшаў на волю. З 1947 г. – літсупрацоўнік шматтыражкі Мінскага трактарнага завода. У 1948 годзе Андрэю Александровічу было забаронена працаваць у сродках масавай інфармацыі. З гэтага года ён працаваў брыгадзірам будаўнікоў “Белтрактарабуда”.

26 лютага 1949 г. А.Александровіч зноў арыштаваны і высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955 годзе. З высылкі 1949–1955 гадоў ім была прывезена дахаты хваёвая шышка. (14)

У 1958 годзе выйшаў зборнік твораў “Выбранае”. (15)

Апошнія гады жыцця А.Александровіч пражываў у Мінску. (16)

6 студзеня 1963 года Александровіч памёр у санаторыі ў Падмаскоўі.

У кожным творы Александровіча гучыць жывы шчыры голас паэта, які ішоў у нагу з часам. У іх чуваць дыханне незабыўнай, рамантычнай, складанай, суровай пары станаўлення рэвалюцыйнай паэзіі – паэзіі міжваеннага часу.

Як песня птушкі раніцою
К жыццю ўздымае поле, гай, –
Вось так і ты, паэт, спявай,
Каб вечна песня маладою
Жыла ў народзе. Родны край
Да працы творчае ўздымай,
Як песня птушкі раніцою
К жыццю ўздымае поле, гай.

А.Александровіч “Паэту”, 1923 г.

Навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Ганна КЛЯНОЎСКАЯ.

Close Menu