Я ня знаю, што будзе заўтра:
Мне сягоньня – апошняй мяжой;
Дні стаяць сталёваю вартай
Паміж будучынай і мной.
Знаю толькі – будзе другое,
Заквітнеюць другія дні…
Сёняшняе ўсё і дарагое
Непатрэбным стане другім.
Урывак з верша “Трыўмф” А.Дудара
Алесь Дудар (Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 г. у в. Навасёлкі, Мазырскага ўезда, Мінскай губерніі ў сям’і беззямельнага селяніна. (1) Потым сям’я пераехала ў Пухавічы, дзе бацька паступіў на службу ў кантору Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі.
З аўтабіяграфіі, напісанай для Л. Клейнбарта: “Бацька мой паходзіў з сялян і дзед быў прыгонным селянінам; бацька за сваё жыццё пабываў арандатарам, сядзельцам, паштальёнам, чыгуначнікам і г.д.”. А.Дудар быў другім сынам. Старэйшы брат памёр яшчэ зусім маленькім, у 1914 г. у сям’і Дайлідовічаў нарадзілася дзяўчынка Жэня.
Падчас Першай сусветнай вайны, у 1916 годзе, Дайлідовічы эвакуіраваліся і некаторы час жылі ў г. Казлове (Мічурынск). Вясной 1917 сям’я вярнулася ў Беларусь.
Вучыўся А.Дудар у гімназіі – спачатку ў Мінску, потым – у г. Казлове. У 1921 г., калі Мінск быў вызвалены ад польскай акупацыі, адбываюцца адразу тры лёсавызначальныя падзеі ў паэтавым жыцці: заканчэнне сямігодкі, апублікаванне першага верша ў газеце «Савецкая Беларусь» і паступленне акцёрам у вандроўную трупу Уладзіслава Галубка. Паўтара года ён вандраваў разам з тэатрам.
Адначасова са спектаклямі Галубка малады паэт бярэ ўдзел у вечарынах, якія арганізуюцца ў клубе “Беларуская хатка” – гэтыя паўтары гады гартуюць яго не проста паэтам – паэтам свядома беларускім.
У 1923 г. А. Дудару прапануюць супрацоўніцтва ў “Савецкай Беларусі”, і ён сыходзіць з вандроўнай трупы. У гэтым жа годзе, 28 лістапада, А. Дудар разам з М. Чаротам, А. Вольным, А. Бабарэкам, А. Александровічам і Я. Пушчай засноўваюць першую беларускую літаратурную арганізацыю “Маладняк”.(2)
У 1923 г. пачынае выходзіць часопіс “Маладняк” пад рэдакцыяй М. Чарота і А. Вольнага. У першым жа нумары – верш А. Дудара “Сцеражэцеся”. З паэтаў-маладнякоўцаў пачатку 1920-х мала хто валодаў мастацкім словам з такой ступенню прыроджанай дасканаласці, якая была ўласціва А. Дудару.
У 1925 г. А. Дудар выдае першы зборнік вершаў “Беларусь Бунтарская”, у які ўваходзіла 9 вершаў. (3) У гэтым жа годзе выходзіць другі зборнік вершаў паэта – “Сонечнымі сцежкамі”.(4) Ад першага зборніка яго аддзялала паўгода, але ўжо тады можна было бачыць эвалюцыю А. Дудара як паэта.
Між тым, адбываюцца значныя змены ў літаратурных працэсах на Беларусі. Працягваецца пошук новых формаў і спосабаў самавыяўлення – некаторым творцам з “Маладняку” становіцца “цесна” ў рамках арганізацыі, і яны ўтвараюць новая літаратурна-мастацкае згуртаванне “Узвышша”, якое накіравана на элітарнасць мастацтва, высокую якасць твораў, бесперапынны творчы рост. З сярэдзіны 1926 г. пачынаецца жорсткая літаратурная барацьба паміж маладнякоўцамі і ўзвышанцамі.
У гэты год А. Дудар піша крытычныя артыкулы пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. У гэтых тэкстах яскрава відаць індывідуальны почырк таленавітага крытыка – ён назірае лагічныя абумоўленасці ў развіцці літаратуры, здольны прадбачыць і накіроўваць працэс.
На пачатку 1927 г. А. Дудар выходзіць з “Маладняка” і, разам з М. Чаротам і М. Зарэцкім, далучаецца да згуртавання вакол рэдакцыі “Полымя рэвалюцыі”. У гэтым жа годзе Дудар паступае ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта.
У 1928 г. А. Дудар ажаніўся з маладой паэткай Наталляй Вішнеўскай (5). Увесь 1928 г. паэт працуе над зборнікам вершаў “Вежа”.(6) У збоніку выразна відаць жаданне Дудара пазбегнуць крытыкі і адпавядаць стылістыцы часу: побач з лірычнымі творамі – ухваленні сацыялістычнаму будаўніцтву.
Прыкладна ў гэты самы час з-пад пяра А. Дудара выходзіць верш “Пасеклі наш край папалам”, за які ў сакавіку 1929 г. быў арыштаваны і высланы на тры гады ў Смаленск. У ліпені 1930 г. прайшлі масавыя арышты сярод беларускай інтэлігенцыі. А. Дудар быў паўторна арыштаваны і вывезены ў Мінск для ўдзелу ў следстве. Падчас другога арышту пад ціскам партыйных улад ад Дудара зыходзіць яго жонка: падае на развод і з’язджае ў Ленінград, дзе ў хуткім часе выходзіць замуж за сябра А. Дудара, паэта-маладнякоўца А.Звонака. Пасля заканчэння следства і суда, Дудар адпраўлены зноў у Смаленск “дабываць” свой першы тэрмін.
Па вяртанні з высылкі, у 1934 г., А. Дудар уступае ў Саюз пісьменнікаў БССР. Вершаў у гэтыя гады ён амаль не піша: дзве паэмы “Слуцак” і “Вайна за мір” праходзяць амаль не заўважанымі, рэдкія вершаваныя выступленні ў “ЛіМе” і “Полымі”. Асноўны творчы плён паэта ў гэты складаны перыяд – пераклады. Перакладаў з рускай, нямецкай, французскай моў. Сярод яго перакладаў былі: раман «Яўгеній Анегін» і некаторыя творы А. Пушкіна, «Дванаццаць» А. Блока, урыўкі з «Фаўста» І. В. Гётэ, творы С. Ясеніна, Б. Пастарнака, М. Ціханава, Г. Гейнэ, Э. Вайнерта і інш.
А. Дудар працуе над перакладам “Яўгеній Анегін” апантана і плённа, закінуўшы ўсё іншае. У маі 1936 г. у “ЛіМе” выходзіць першая глава, у кастрычніку ў “Полымі” – трэцяя. На вечары перакладаў Пушкіна 17 кастрычніка 1936 г. у Доме пісьменніка А. Дудар чытае шостую главу. Сучаснік паэта С. Грахоўскі ўспамінаў той вечар: “У зале пастаўлены мікрафон. Ідзе трансляцыя на ўсю рэспубліку. У Мінску рэпрадуктары
пастаўлены на скрыжаваннях некалькіх вуліц, у магазінах, цырульнях, сталоўках. Праз некалькі хвілін пасля пачатку зала напоўнілася незнаёмымі людзьмі. Стаялі каля сцен, у цесных праходах, зацікаўлена і ўважліва слухалі…”.
Праз два тыдні, у ноч на 31 кастрычніка, А. Дудар будзе зноў арыштаваны ў трэці раз. Праз год, 29 кастрычніка 1937 г., – растраляны разам з многімі іншымі пісьменнікамі.
Алесь Дудар з’яўляецца адным з самых яскравых прадстаўнікоў міжваеннага пакалення беларускіх літаратараў. Яго мастацкі стыль, адметны і заўважны ў мностве выбітных лірычных дараванняў, складаўся з выразных, добра распрацаваных уласных паэтычных прыёмаў. Асаблівасці творчага почырку паэта – заўсёды адбітак ягонага ўнутранага свету, характару, тэмпераменту. А. Дудар быў паэтам, які добра адчуваў сваю краіну і час, у якім жыве. Менавіта таму такі шырокі водгук знаходзяць ягоныя вершы і сёння.