“Я песні, я вершы пакіну
Народу свайму на ўспамін”.
А.Астрэйка
Сёлета адзначаецца 110-гадоў з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі (сапраўднае імя Акім Пятровіч Астрэйка) – беларускага паэта, паэта-песенніка, перакладчыка, журналіста. (1) Нарадзіўся ён 24 ліпеня 1911 г. у в. Пясочнае, Капыльскага раёна, Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзед з боку бацькі меў паўтары дзесяціны зямлі (“ды то адзін пясок”), маці безпасажніца (“галоўным пасагам былі маладосць, русыя кучаравыя косы і залатыя рукі”). “Жылі бедна. Крыху палепшала, калі бацька вярнуўся з вайны, – успамінае паэт у аўтабіяграфіі, – Як ён не трапятаўся! То пачынаў шыць боты,
то ганяў платы, будаваў людзям хаты, а то нават кідаўся ў гандаль…”. Вучыўся А.Астрэйка ў мясцовай сямігадовай школе, дзе настаўнікі заклалі ў юнака любоў да рускай і беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. У 1929 г. у газеце “Чырвоная змена” з’явіўся верш “Гады заўжды напевам новым…”, падпісаны псеўданімам Якім Зорны. Пасля паэт будзе падпісвацца і іншымі імёнамі – Сымон Баравы, Анатоль Востры, Рыгор Вядомы, Рыгор Жорсткі.
У 1930 г. А.Астрэйка скончыў двухгадовыя курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, пасля два гады працаваў у газеце “Чырвоная Полаччына”. У 1932-1934 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута на літаратурна-крытычным аддзяленні. (2, 3, 4, 5)
Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў у раённых газетах “Ленінскі прызыў” (г. Орша), “Ленінскі шлях” (г. Горкі), “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Калгаснік Беларусі”, выкладаў беларускую мову і літаратуру на вячэрнім рабфаку пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
У 1940 г. выйшаў у свет першы зборнік паэта “Слава жыццю”. (6) “Сборник выйдет зимой. Должен быть неплохой….Тружусь над стихами. Накопилось их много. Лучшие отберу для нового сборника. По хуже – в архив..”, – так пра зборнік піша А.Астрэйка ў лістах да сваёй сяброўкі Сяткевіч Станіславы, якія захоўваюцца ў нашых фондах. (7, 8)
Рукапіс другога зборніка паэта “Квецень” не захаваўся, згарэў у час вайны ў Мінску.
У Вялікую Айчынную вайну працаваў адказным сакратаром газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У газеце актыўна друкаваліся гумарыстычныя вершы і фельетоны паэта-франтавіка – “На Берлін”, “Як Фюрар у косці гуляў”, “Адольф у бомбасховішчы” і іншыя. (9, 10, 11, 12, 13) Па заданні беларускага штаба партызанскага руху ў 1942-1943 гг. ён засылаўся ў варожы тыл. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. (14, 15) “Для партызан верш, байка, частушка мелі вельмі вялікае значэнне. Некалі У.Маякоўскі сказаў, што “варта прыраўняць пяро да штыка”. Партызаны вельмі трапна прымянялі баявое слова, часамі з’едлівае, часамі трохі нават і саланаватае…” – гаварыў А.Астрэйка.
У тыя часы быў напісаны зборнік вершаў пра баявыя справы народных мсціўцаў, азаглаўлены аўтарам “Слуцкі пояс”. (16, 17, 18) У 1943 годзе друкарня слуцкай падпольнай газеты “Народны мсцівец” выпусціла гэты зборнік. Пра з’яўленне зборніка А.Астрэйка ўзгадвае так: “Кніга выйшла ў партызанскіх умовах. Каб яе выдаць, трэба было разграміць фашысцкі гарнізон і там знайсці паперу, а яна была зусім нядобрай якасці. Патрэбны былі шрыфты, якія ўдалося скрасці ў Слуцкай друкарні, аднак усе шрыфты пераблыталі. Я, трохі ведаючы наборную справу, памагаў партызанам разбіраць гэтыя шрыфты і класці іх па літарцы ў касу. Не было друкарскай фарбы. Партызанскія друкары Канановіч і Торхаў змяшалі ваксу з сажай. Нехапала літар, яны былі розныя па памерах. Партызанскія разведчыкі Саша Бяляеў і Саша Залаты выразалі на бярозавых чурках застаўкі і асобныя літары. Друкавалася кніжка паўтара месяца і выйшла 1000 экз. Як толькі адзін экзэмпляр быў гатовы, яго адразу ж высылалі ў партызанскія брыгады і атрады. Партызаны бралі на ўзбраенне вершы. Нават, калі не было з чаго курыць, паперы ж не было, партызаны шанавалі гэтую кніжку і не рвалі яе на самакруткі…”
“Беларусь-партызанка”
Мы асфальтам балота завём
I шасэйнай дарогай сцяжынку.
Два гады мы і косім і жнём,
Каб вялікія справіць дажынкі…
Спее волі і шчасця прыход,
Што расце на франтах і палянках,
Не зламаць, не сагнуць мой народ,
Бо ўся Беларусь – партызанка!
Аб сіле слова паэта-партызана трапна сказаў аднойчы ў эпіграме паэт Анатоль Вялюгін:
Па прозвішчу Астрэйка,
А проста – Анатоль.
Крышыў у немцаў рэйкі
Яго лірычны тол.
У 1946-1948 гг. паэт быў старшынёй Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1948 г. працаваў у Мінску. З 1948-1953 гг. на пасадзе адказнага сакратара часопіса «Вожык». (19, 20, 21)
У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі А.Астрэйкі “Крамлёўскія зоры” (1945), “Добры дзень” (1948), “Зямля мая” (1952), “Песня дружбы” (1956), “Бацька мой, Неман” (1961), “Сэрца насцеж” (1965), “Цвіціце, верасы” (1975), “Зямная Случчына” (1977), “Ураджай цяпла” (1978), а таксама паэма для дзяцей “Прыгоды дзеда Міхеда” (1956) і інш. (22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32)
А.Астрэйка аўтар тэкстаў многіх папулярных песень “Бацька мой, Неман”, “Песня пра Заслонава”, “Шаўковыя травы” і інш. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, узбекскіх пісьменнікаў.
Імя А.Астрэйкі прысвоена Капыльскай цэнтральнай раеннай бібліятэцы і вуліцы Капыля. Узнагароджаны ордэнамі “Чырвоная Зорка”, “Знак Пашаны”, медалямі.
Не стала Анатоля Астрэйкі 23 жніўня 1978 г. Пахаваны паэт на Усходніх могілках у Мінску.
Фонд А.Астрэйкі ў нашым музейным зборы даволі значны. Складае амаль 150 адзінак захоўвання, уключае ў сябе кнігі і кнігі з аўтографамі, часопісы, рукапісы, лісты, асабістыя рэчы, фатаграфіі, якія былі перададзены сваякамі ці паступілі з фондаў іншых пісьменнікаў. (33, 34, 35, 36)
У цэнтры творчасці Анатоля Астрэйкі заўсёды было жыццё чалавека. Яго творам уласцівы задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, цесная сувязь з фальклорам, напеўнасць. Творчасць Анатоля Астрэйкі заняла пачэснае месца ў беларускай паэзіі, паэзіі мужнай, простай і шчырай.
Матэрыял падрыхтавала Скок Ірына,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў.