У фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры быў перададзены архіў Леаніда Фёдаравіча Яўменава, выдатнага беларускага філосафа, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991). Колькасць перададзеных прадметаў складае больш за паўсотню адзінак.
Калекцыю “Графіка” папоўніў графічны аркуш “Зоська” (да аповесці “Пайсці і не вярнуцца” В.Быкава) Георгія Паплаўскага, з подпісамі мастака і Васіля Быкава, а таксама з дароўным надпісам Георгія Паплаўскага Леаніду Яўменаву.
Каштоўным з’яўляецца першы зборнік вершаў “Чужая планета: Вершы далёкіх дарог і вяртанняў” Л.Яўменава, які быў выдадзены ў 1980 годзе.
Сярод перададзеных матэрыялаў ёсць кнігі беларускіх пісьменнікаў (Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Уладзіслава Сыракомлі, Барыса Сачанкі, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і інш.), навуковыя працы самога Леаніда Яўменава, а таксама кнігі з дароўнымі надпісамі Максіма Танка і Навума Гублера Леаніду Яўменаву.
Здатчыкам матэрыялаў з’яўляецца ўдава навукоўца – Зоя Фёдараўна Яўменава.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры выказвае шчырую падзяку Зоі Фёдараўне за перададзеныя матэрыялы.



