У юбілейны год 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава, фонды нашага музея папоўніліся сучасным выданнем з дароўным надпісам ад выдавецтва “Кнігазбор” і яго дырэктара Генадзя Вінярскага.
Апавяданне “Сваякі” пабачыла свет у 1966 годзе. Твор Васіля Быкава распавядае пра тое, як маці, паспадзяваўшыся на сваяцтва з вясковым паліцаем, неўсвядомлена адпраўляе дваіх сыноў на смерць.
Сучаснае выданне выйшла ў новым для Беларусі жанры графічнага рамана. Ілюстрацыі зрабіў малады мастак Ян Жвірбля. Трагічныя і поўныя натуралізму малюнкі мастака ствараюць жахлівую карціну рэчаіснасці Вялікай Айчыннай вайны.
Нагадваем, што ў музеі працуе часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”.