21 кастрычніка ў музей на літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Браты Грым. Жыццё і творчасць” завітаў лектар Германскай службы акадэмічных абменаў (Deutscher Akademischer Austauschdienst) у Інстытуце нямецкіх даследванняў пры факультэце міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта – спадар Ян-Петер Абрахам.
З Інстытутам нямецкіх даследванняў БДУ і яго дырэктарам Грашавіком Паўлам Уладзіміравічам музей звязвае сяброўства і плённае супрацоўніцтва – шмат гадоў запар музей ладзіць Беларуска-нямецкія Каляды на прыкладзе лепшых традыцый абодвух народаў. Гэтым разам музею быў падараваны зборнік матэрыялаў семінара па перакладзе камічных вершаў “Сустрэча мовы ды гумару з туманнай каровай” (красавік 2019), удзельнікамі якога сталі студэнты розных універсітэтаў Мінска, Гродна і Магілёва.
Падчас наведвання музея спадаром Янам-Петерам навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Ганна Кляноўская правяла экскурсію па экспазіцыі, прысвечанай жыццю і творчасці знакамітых нямецкіх класікаў і лінгвістаў – братоў Якаба і Вільгельма Грым.
Дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў адзначыў важнасць стварэння экспазіцыі і яе навукова-папулярную накіраванасць, якая прыцягвае ўвагу людзей, у тым ліку ўжо добра знаёмых з дзейнасцю братоў Грым. Ян-Петер Абрахам, уражаны выставай, распавёў пра значную палітычную і навуковую дзейнасць нямецкіх класікаў, уплыў якой можна назіраць і сёння, а таксама адзначыў папулярнасць казак братоў Грым, якая дапамагае чытачам вярнуцца ў дзіцячыя гады.
Экспазіцыя “Браты Грым. Жыццё і творчасць” працуе да 31 кастрычніка 2020 года. Спяшайцеся!

